Старонка:Айвенго (1934).pdf/42

Гэта старонка не была вычытаная

Спешна выняўшы з сумкі свае канцэлярскія прылады, стары Ісаак, не злазячы з мула, паставіў перад сабою ўверх дном сваю жоўтую шапку і, распрастаўшы на ёй аркушок паперы, пачаў пісаць.

Дапісаўшы ліст на яўрэйскай мове, ён перадаў яго пілігрыму.

— У горадзе Лейстэры, — сказаў ён, — ёсць усім вядомы багаты яўрэй Кірджат Джайрам з Ламбардыі, перадай яму гэты ліст. У яго ёсць цяпер шэсць узбраенняў міланскай работы: з іх горшае годна і для царской асобы, і яшчэ ёсць у яго дзесяць коняй, на горшым з іх і не сорам-бы выехаць і самому каралю, калі-б давялося яму змагацца за валоданне сваёю ўладаю… З гэтых коняй і зброі ён дасць табе на выбар, якое пажадаеш, і, акрамя таго, дасць усяго, што можа спатрэбіцца ў надыходзячым турніры. Калі міне патрэба, звярні яму цэлым тавар, або калі зможаш, заплаці поўнасцю яго кошт.

— Хіба ты не ведаеш, Ісаак, — сказаў пілігрым з усмешкаю, — што калі рыцара выб’юць з сядла ў часе турніру, то яго конь і зброя паступаюць ва ўласнасць таго, хто яго перамог? Такое няшчасце і са мною можа здарыцца, і тады я страчу дабро, якое ні звярнуць, ні аплаціць не змагу.

— Не, не, не! — таропка загаварыў старык. — Гэта немагчыма! Я і чуць гэтага не хачу. Кап’ё тваё будзе мець такую-ж сілу, як і посах Маісея.

Сказаўшы гэта, ён павярнуў мула ў бок, але пілігрым злавіў яго за плашч і затрымаў:

— Пачакай, Ісаак, ты яшчэ не ведаеш, чым рызыкуеш. Можа здарыцца, што каня заб’юць, панцыр пасякуць, таму што я не буду шкадаваць ні каня, ні чалавека.

— Усёроўна… пусці мяне… Калі здарыцца страта, ты за яе не будзеш адказваць. Калі дабро пойдзе на карысць пераможцы, Кірджат Джайрам даруе табе гэты доўг, дзеля Ісаака, свайго сваяка. Бывай і будзь здароў… Аднак паслухай, добры юнак, — прадаўжаў ён, яшчэ раз аглянуўшыся, — не сунься ты занадта ўперад, калі пачнецца гэта калатня!.. Я гэта не для таго гавару, каб ты шчадзіў каня і панцыр,