Старонка:Айвенго (1934).pdf/45

Гэта старонка не была вычытаная

камі) гэтага турніру. Шнуры ўсіх пяці шатроў былі тых-жа колераў. Перад кожным шатром быў вывешаны шчыт таго рыцара, якому ён належаў, а поруч са шчытом стаяў або зброяносец убраны дзікуном або фаўнам, або якой-небудзь іншай фантастычнай істотай, гледзячы па густу свайго гаспадара.

Сярэдні шацёр, самы ганаровы, быў прадстаўлены Брыяну дэ-Буагільберу. Чутка аб яго незвычайным майстэрстве ва ўсіх рыцарскіх практыкаваннях, а таксама яго блізкія сувязі з рыцарамі, зачаўшымі гэтае спаборніцтва, былі прычынаю, што яны яго з радасцю прынялі ў сваю кампанію і нават выбралі сваім правадыром, не гледзячы на тое, што ён толькі што прыбыў у Англію. Побач з яго шатром з аднаго боку размясціліся палаткі Рэджынальда Фрон дэ-Бёф і Філіпа дэ-Мальвуазен, а з другога — была палатка Гуга дэ-Гранменіль. Пяты шацëр належаў Ральфу дэ-Віпонту, рыцару ордэна св. Іоана Іерусалімскага; ён з даўняга часу валодаў землямі ў мястэчку Гэсер, недалёка ад Ашбі-дэ-ля-Зуш.

Ад уваходу ў агарожу да ўзвышша, на якім стаялі шатры, глеба была крыху спадзістая і зроблены быў спуск на арэну, сажняў у пяць шырынёю. Ён таксама быў з абодвух бакоў агарожаны моцным частаколам, як і пляцоўка перад шатром, і кругом усяго гэтага месца была расстаўлена ўзброеная варта.

Паўночная брама агарожы ўпіралася ў такі-ж самы спадзісты пад’ём на бугор, футаў у трыццаць шырынёю, у канцы якога была вялікая агарожаная прастора, прызначаная для пабочных рыцараў, якія пажадаюць спаборнічаць з пачынальнікамі турніру. За гэтаю агарожаю змяшчаліся палаткі, дзе былі прыгатаваны розныя стравы і напіткі і, акрамя таго, былі кавалі, збраёўнікі і іншыя майстры і прыслужнікі, гатовыя ў кожную хвіліну аказаць байцам патрэбныя паслугі. Знадворны бок агарожы быў часткова абнесены часовымі памостамі і галярэямі: яны былі ўвешаны драпіроўкамі, засланы дыванамі і забяспечаны падушкамі, для выгоды дам і кавалераў дваранскага паходжання, якія пажадаюць прысутнічаць на турніры. Вузкая прастора паміж гэтымі галярэямі і агарожай была прадстаўлена дробнамаянтковым фер-