Старонка:Айвенго (1934).pdf/51

Гэта старонка не была вычытаная

Гэта было сказана такім тонам, што прынц убачыў неабходнасць паправіць сваю памылку.

— Я пажартаваў, — сказаў ён, — а вы ўжо накінуліся на мяне з усіх бакоў, быццам зграя вужоў. Выбірайце каго хочаце, чорт забяры!

— Не, не, — сказаў дэ-Брасі, — пакіньце трон цудоўнай царыцы незанятым, і няхай той, хто выйдзе пераможцам выбярэ тую даму, якая яго цікавіць. Гэта яшчэ павялічыць пекнату яго ўрачыстасці і навучыць дам цаніць каханне адважных рыцараў.

— Калі пераможцам акажацца Брыян дэ-Буагільбер, — сказаў прыёр, — я гатоў закласці свой ружанец, што раней магу назваць хто будзе царыцай кахання і хараства…

— Буагільбер, — сказаў дэ-Брасі, — добры баец, але тут нямала рыцараў, сэр прыёр, якія не пабаяцца памераць з ім сілу.

— Змоўкнем, панове, — сказаў Вальдемар, — і няхай прынц зойме сваё месца. І гледачы, і байцы прыходзяць у нецярпенне, позні час, даўно час пачынаць турнір.

Прынц Іоан хоць і не быў яшчэ манархам, але у асобе Вальдемара Фіц-Урс меў любімага першага міністра, які згодзен служыць свайму ўладару, але не інакш, як на свой уласны лад. Прынц, наогул упарты, павінен быў яму ўступаць. Ён сеў на сваё троннае крэсла і, калі дружына сабралася вакол яго, падаў знак герольдам, каб агалашалі правілы турніру.

Папершае, пяць рыцараў-арганізатараў выклікалі на бой усіх жадаючых.

Падругое, кожны рыцар, які жадае прыняць удзел у турніры, меў права выбраць сабе праціўніка з ліку пяці зачыншчыкаў, і для гэтага павінен быў толькі дакрануцца да яго шчыта. Калі ён дакрануўся тупым канцом свайго кап’я, гэта азначала, што ён жадае спаборнічаць тупой зброяй, гэта значыць такімі коп’ямі, на вастрыё якіх надзяваліся плоскія драўляныя наканечнікі. Але калі да шчыта дакраналіся вострыём кап’я, гэта значыла, што жадаюць біцца насмерць, гэта значыць такой-жа вострай зброяй, як і ў сапраўдных бойках.