Старонка:Айвенго (1934).pdf/64

Гэта старонка не была вычытаная

было сігналам да таго, каб усе гледачы ўсталі і разышліся з турніра.

Але ўражаная гордасць бывае злапомнай, асабліва пры вострым разуменні няўдачы. Іоан не паспеў ад’ехаць і трох крокаў, як, зноў азірнуўшыся, уперыў суровы і гнеўны зірк на таго іëмена ў зялёным, які так раззлаваў яго раніцою, і, звярнуўшыся да варты, сказаў валадарна:

— Не выпускаць з віду гэтага малайца, вы мне адказваеце за яго галавою.

Іëмен спакойна і цвёрда вытрымаў сярдзіты зірк прынца і сказаў з усмешкаю:

— Я і не маю намеру выязджаць з Ашбі да паслязаўтра. Хочацца паглядзець, ці добра стафордшырскія і лінкольншырскія ўражэнцы страляюць з лука. У лясах Нідвуда і Чарнвуда павінны-б вадзіцца добрыя стралкі.

Не звяртаючыся асабіста да іëмена, прынц Іоан сказаў сваім прыбліжаным:

— Вось мы паглядзім, як ён сам страляе, і гора яму, калі яго майстэрства хоць да некаторай ступені не апраўдае яго дзёрзкасці.

Прынц Іоан рушыў уперад і пакінуў арэну. Следам за ім і ўсе гледачы павалілі вон з агарожы.

Большая частка публікі шыбанула у горад Ашбі. Сярод іх знаходзілася большасць рыцараў, што прымалі ўдзел у турніры або збіраліся ўдзельнічаць у заўтрашнім спаборніцтве; яны павольна ехалі конна, ажыўлена гаворачы між сабою аб здарэннях гэтага дня, і ішоўшы міма народ вітаў іх галоснымі выкрыкамі. Такімі-ж выкрыкамі праводзілі і прынца Іоана, хоць гэтыя праявы захаплення адносіліся не столькі да яго асобы, сколькі да пышнасці яго вопраткі і раскошнасці яго дружыны.

Куды больш шчырымі, адзінадушнымі і, галоўнае, заслужанымі знакамі адабрэння і спачування сустрэты быў пераможца гэтага дня; але яму так хацелася хутчэй ухіліцца ад гэтых адзнак усеагульнай увагі, што ён з падзякаю прыняў прапанову маршалаў ратнага поля заняць адну з палатак, што былі ў дальнім канцы агарожы. Як толькі ён адправіўся ў свой шацёр, разышоўся і натоўп народу, што са-