Старонка:Айвенго (1934).pdf/71

Гэта старонка не была вычытаная

пілі яго і трымалі так моцна, што, калі б ён і спрабаваў уцячы, спроба была-б дарэмная.

— Давай сваю ношку, — сказаў адзін з іх.

— Не так-та лёгка было-б вам вызваліць мяне ад ношкі, — мармытаў Гурт, — каб я мог хоць тры разы стукнуць вас па шыі.

— А вось убачым! Цягніце яго ў лес.

Гурта пацяглі на гору і досыць бесцэрамонна перацяглі па леваму адхону яра на роўнае месца, у густы гай, які аддзяляў лагчыну ад адкрытай палянкі. Ён міжволі павінен быў ісці ў самую сярэдзіну гушчару. Раптам яго нечакана спынілі на палянцы няправільнай формы, на якой дрэў было параўнаўча няшмат, а таму месяц асвятляў яе куды лепш. Тут далучыліся да іх яшчэ двое людзей. У іх былі кароткія мячы пры боку, а ў руках замашыстыя дубінкі; Гурт толькі цяпер заўважыў, што ўсе шэсцера былі ў масках.

— Колькі пры табе грошай? — запытаў адзін.

— Трыццаць цэхінаў маіх уласных грошай, — адказаў Гурт панура.

— Адабраць! У саксонца за душою трыццаць цэхінаў, а ён вяртаецца з сяла цвярозым! Ды за адно гэта трэба ў яго адабраць усё да апошняга гроша… Адабраць абавязкова!

— Я іх збіраў, каб выкупіцца на волю, — сказаў Гурт.

— Вось і відаць, што ты асёл — выпіў-бы тры кварты добрага элю і стаў-бы гэтак-жа вольны, як і твой гаспадар, а не то дык яшчэ вальней яго, калі ён такі-ж саксонец, як і ты.

— Гэта горкая праўда, — адказаў Гурт, — але калі гэтымі трыццацю цехінамі я магу ад вас адкупіцца, пусціце мне рукі і я вам зараз адлічу іх.

— Стой, — сказаў другі, на від як быццам адыгрываўшы між імі ролю начальніка або старшыні, — у цябе тут каліта, я яе абмацаў пад тваім плашчом і чую, што там куды больш грошай, чым ты сказаў.

— Гэта не мае грошы, а майго гаспадара, добрага рыцара, — сказаў Гурт, — я-б пра іх і не заікнуўся, калі-б вы захацелі задаволіцца толькі тым, што мне належыць.

— Бач, які сумленны слуга!