Старонка:Айвенго (1934).pdf/77

Гэта старонка не была вычытаная

мець за крыўду, калі я пажадаю вам заняцца больш бяспечным рамяством.

На гэтым яны рассталіся. Праваднікі пайшлі назад той-жа сцежкай, а Гурт пайшоў да шатра свайго гаспадара і, не гледзячы на толькі што выслуханыя перасцярогі, безадкладна расказаў яму падрабязна ўсё, як было.


РАЗДЗЕЛ XII

НА ДРУГІ дзень раніцою, ледзь толькі сонца выкацілася з-за гарызонта, найбольшыя гультаі, або самыя старанныя гледачы пацягнуліся з розных бакоў па зялёнай лугавіне да бегавішча.

Следам за імі з’явіліся на ратнае поле маршалы са сваімі слугамі і герольды; ім трэ’ было прыняць і запісаць заявы рыцараў, што жадалі спаборнічаць на турніры гэтага дня, запісаць у спісы іх імёны, а таксама, з якога боку той ці іншы мае намер біцца.

Дзеля захавання звычайнай фармальнасці, рыцар Пазбаўлены Спадчыны быў прызначаны правадыром першай партыі, а Брыян дэ-Буагільбер, як найлепшы пасля яго баец мінулага дня, прызначан быў правадыром супраціўнай партыі. Да яго далучыліся, вядома, усе першапачатковыя арганізатары турніру, за выключэннем Ральфа дэ-Віпонта, які з прычыны цяжкіх пашкоджанняў, атрыманых напярэдадні, яшчэ не ў сіле быў надзець узбраенне. З кожнага боку запісалася каля пяцідзесяці рыцараў.

Прыехаў прынц Іоан з сваёю дружынаю, а за ім цэлы натоўп рыцараў, як тых што жадалі біцца, так і другіх, якія не мелі такога намеру.

Прыблізна ў той-жа час прыехалі і Седрык-Саксонец з лэдзі Равенай, але без Атэльстана. Гэты саксонскі лорд апрануў сваю высокую і шчытную асобу ў баявы панцыр і заявіў, што стане ў рады байцоў, але, на вялікае здзіўленне Седрыка, ён запісаўся не ў праціўнікі, а ў прыхільнікі Брыяна дэ-Буагільбера.

У яго была свая прычына прыстаць да партыі храмоўніка, але ён разважна змоўчаў аб ёй. Хоць, па вяласці свайго нораву, Атэльстан не выказваў ніякага старання спадабацца