Старонка:Айвенго (1934).pdf/78

Гэта старонка не была вычытаная

лэдзі Равене, тым не менш ён быў далёка не раўнадушны да яе і лічыў, што яго шлюб з ёю справа вырашаная. Горды, хоць і гультаяваты ўладар Конінгсбурга з прытоеным незадавальненнем глядзеў на тое, як герой учарашняга дня выбраў Равену на тую ганаровую пасаду, якая была ў яго распараджэнні паводле права пераможцы. Атэльстан уздумаў пакараць яго за такое дзёрзкае парушэнне сваіх уласных правоў і, упэўнены ў сваёй пераможнай сіле і спрытНасці ў бойцы (у чым яго заўсёды ўпэўнівалі ўсе яго прыспешнікі), рашыў не толькі адмовіць рыцару Пазбаўленаму Спадчыны ў сваёй дапамозе, але пры зручным выпадку самому напасці на яго ўсім цяжарам сваёй баявой сякеры.

З прычыны такога намёку, зробленага на гэты конт прынцам, дэ-Брасі і некаторыя іншыя прыбліжаныя да яго рыцары таксама запісаліся ў партыю зачыншчыкаў.

Як толькі прынц Іоан заўважыў, што царыца турніру пад’ехала да бегавішча, ён паскакаў ёй насустрач, зняў шапачку і, саскочыўшы з каня, сам дапамог ёй сысці з каня, а ўся яго дружына агаліла галовы, і адзін з самых важных саноўнікаў, таксама саскочыўшы, трымаў за вуздэчку яе каня.

— Як бачыце, — сказаў прынц Іоан, — мы самі падаем прыклад вернападданых пачуццяў да царыцы кахання і хараства і ўласнай асобай узвядзем яе на трон, які яна заклікана займаць на гэты дзень. Шляхетныя дамы, — звярнуўся ён да галярэі, — калі ласка, падыходзьце да вашай уладарніцы, калі жадаеце ў сваю чаргу мець такую-ж пашану.

З гэтымі словамі прынц правёў лэдзі Равену да троннай ложы, а самыя прыгожыя і знатныя з дам паспяшаліся следам за ёю, імкнучыся прысесці, як мага бліжэй да свае царыцы.

Як толькі Равена села на месца, пачулася ўрачыстая музыка, напалову заглушаная прывітальнымі крыкамі натоўпу. Яркае сонца пралівала асляпляючы бляск на паліраванае ўзбраенне рыцараў, якія стаялі натоўпам па абодвух канцах бегавішча і горача абмяркоўвалі між сабою аб найлепшым размяшчэнні сваіх сіл, каб забяспечыць сабе перамогу над праціўнікамі.

Герольды запрасілі публіку змоўкнуць на час чытання правіл турніру.