Старонка:Айвенго (1934).pdf/80

Гэта старонка не была вычытаная

па таму, якая партыя атрымлівала верх. Між тым стук удараў, груканне ўзбраення і выкрыкі байцоў, мяшаючыся з гукамі труб, рабілі жахлівае ўражанне і заглушалі стогны тых, што ўпалі і бездапаможна качаліся па зямлі, тады як коні тапталі іх нагамі. Раскошнае ўзбраенне рыцараў пакрывалася пылам і крывёю, лопаючыся і даючы шчыліны пры кожным удары мяча або сякеры. Пышнае пер’е, сарванае з верху шлемаў, узлятала ў паветра і падала, як сняжынкі.

Абодва правадыры партыі адрозніваліся цудамі адвагі і ніхто не знаходзіў у радах сваіх праціўнікаў такога байца, які сапраўды быў роўны Буагільберу, з аднаго боку, і рыцару Пазбаўленаму Спадчыны, з другога. Абодва, натхнёныя ўзаемнай варожасцю, не адзін раз шукалі адзін аднаго, ведаючы, што падзенне аднаго з правадыроў роўна рашучай перамозе супраціўнага боку. Але такая была цесната і беспарадак гэтай агульнай калатнечы, што ў пачатку сутычкі яны ніяк не маглі прабіцца адзін да аднаго.

Але паволі натоўп пачаў радзець: адны прызналі сябе пераможанымі, другіх загналі да абодвух канцоў агарожы і тым пазбавілі права ўдзельнічаць у спаборніцтве, трэція ляжалі распластанымі на бегавішчы, і храмоўнік з рыцарам Пазбаўленым Спадчыны сышліся ўрэшце сам-на-сам. Сіла і спрыт, з якімі яны наносілі і адбівалі ўдары, былі настолькі дзіўныя, што ў гледачоў вырываліся адзінадушныя выкрыкі захаплення і здзіўлення.

У гэту хвіліну партыя рыцара Пазбаўленага Спадчыны была ў нявыгодным становішчы: на адным флангу працавала рука асілка Рэджынальда Фрон дэ-Бёфа, на другім Атэльстан напіраў сваёй сілай і непамернай цяжкасцю так, што тыя хто біўся з імі раз-по-раз падалі або разляталіся ў розныя бакі. Бачачы, што перад імі няма больш непасрэдных праціўнікаў, абодва гэтыя рыцары адначасна сцямілі, што дадуць рашучую перамогу сваёй партыі, калі дапамогуць храмоўніку перамагчы яго ворага. Таму абодва разам павярнулі коняй і з розных бакоў паімчаліся на рыцара Пазбаўленага Спадчыны.

— Сцеражыся, сцеражыся, сэр Пазбаўлены Спадчыны! — крычаў натоўп, так што рыцар своечасова ўбачыў пагра-