Старонка:Айвенго (1934).pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

Як толькі Равена ўбачыла яго, з грудзей яе вырваўся слабы крык, але яна ў той-жа час, з прысутнай ёй мужнасцю, авалодала сабою. Яна ўзлажыла на схіленую перад ёю галаву рыцара раскошны вянок, прызначаны ва ўзнагароду пераможцу, і прамовіла выразна і раздзельна наступныя словы:

— Дарую табе гэты вянок, сэр рыцар, ва ўзнагароду за адвагу, выказаную табою сёння, як пераможцу над усімі, — тут яна змоўкла на некалькі секунд, але потым дадала з цвёрдасцю: — і ніколі вянок не ўскладаўся на галаву больш вартую ўзнагароды, чым тваю!

Рыцар схіліў галаву і пацалаваў руку прыгожай царыцы, што ўручыла яму ўзнагароду за адвагу, потым яшчэ больш падаўся наперад і ўпаў.

Адбылося ўсеагульнае замяшанне. Седрык, спачатку анямеўшы ад здзіўлення пры нечаканым з’яўленні свайго выгнанага сына, кінуўся наперад, як-бы з мэтай разлучыць яго з Равенай. Але маршалы паспелі папярэдзіць яго: адгадаўшы прычыну, чаму Айвенго страціў прытомнасць, яны паспяшалі яго панесці і, расшпіліўшы яго панцыр, убачылі, што нагруднік яго быў прабіты вострым кап’ём, якое параніла яго ў бок.


РАЗДЗЕЛ XIII

ЯК ТОЛЬКІ было сказана імя Айвенго, яно паляцела з вуснаў у вусны з усёй хуткасцю, якую маглі надаць яму стараннасць і цікавасць іншых.

— Што вы скажаце, панове, — прагаварыў прынц Іоан, — і ў асаблівасці вы, сэр прыёр, аб дактрыне вучоных наконт уроджаных сімпатый і антыпатый? Мне здаецца, што я адчуваў прысутнасць тут гэтага ўлюбёнчыка майго брата, дарма што не меў падазрэння, хто хаваецца пад гэтым баявым узбраеннем!

— Фрон дэ-Бёф, відаць, павінен будзе звярнуць свой маёнтак Айвенго, — скаваў дэ-Брасі.

— Так, — дадаў Вальдэмар Фіц-Урс, — гэты рыцар, напэўна, будзе патрабаваць назад замак і сядзібу, падараваныя яму Рычардам, а з таго часу, дзякуючы вялікадушнасці вашай вялікасці, перайшоўшыя ва ўладанне Фрон дэ-Бëфа.