Старонка:Айвенго (1934).pdf/94

Гэта старонка не была вычытаная

шана было шмат гасцей; між іншымі, прынц Іоан, разумеючы неабходнасць набыць папулярнасць сярод мясцовага насельніцтва, запрасіў некалькі вяльможных сем’яў саксонскага і дацкага паходжання, суседніх нармандцаў, дваран і баронаў.

Прынц Іоан сустрэў Седрыка і Атэльстана з асаблівай ветлівасцю і выказаў толькі спачуванне, а не гнеў, калі Седрык папрасіў выбачэння, гаворачы, што лэдзі Равена па нездароўю не змагла з’явіцца на яго ласкавае запрашэнне.

Седрык і Атэльстан былі ў старабытнай саксонскай вопратцы, і хоць яна сама па сабе далёка не брыдкая, а ў гэтым выпадку была сашыта з вельмі каштоўных матэрыялаў, яе фасон быў так не падобны на модныя нарады астатніх гасцей, што і прынц, і Вальдэмар Фіц-Урс ледзьве маглі ўтрымацца ад смеху, гледзячы на гэтыя дзве фігуры, якія з непрывычкі здаліся ім умораю.

Госці сядзелі за сталом, які аж ламаўся ад цяжару страў. Акрамя страў свайго паходжання, тут было нямала розных тонкіх страў, прывезеных з чужых краёў, здобных пячэнняў, салодкіх пірагоў, пытляванага хлеба, які падаваўся толькі за сталом у самых знатных асоб, і найлепшых він як замежных, так і тутэйшых.

З хітрай важнасцю, толькі час-ад-часу падаючы адзін аднаму таямнічыя знакі, нармандскія рыцары і дваране сачылі за бясхітрымі паводзінамі за сталом Седрыка і Атэльстана, якія не прывыклі да банкета гэтага роду. І пакуль іх манеры былі прадметам насмешлівай увагі, гэтыя прастадушныя саксонцы некалькі разоў зграшылі супроць правіл, саміх па-сабе складзеных свецкім этыкетам. Седрык, памыўшы рукі, абцёр іх ручніком, замест таго, каб грацыёзным памахваннем у паветры даць ім абсохнуць, і гэта здалося прысутным куды смяшней таго, што Атэльстан адзін з’еў вялікі пірог з фаршам з самае далікатнае дзічыны. Але калі яму ўчынілі з гэтай прычыны самы дакладны допыт і выявілася што тан Конінгсбургскі (або панармандску франклін) не меў паняцця аб тым, што з’еў з такім захапленнем, лічачы фарш з мяса жаўранкаў і галубоў, тады як гэта былі бекафігі[1] і салаўі, — яго невуцтва ў гэтай справе выклікала куды больш наракання, чым праяўленая ім пражэрлівасць.

  1. Бекафігі — птушкі.