Старонка:Айвенго (1934).pdf/96

Гэта старонка не была вычытаная

— Ён так і зрабіў! — адказаў Седрык. — Адной з важнейшых прычын маіх неладоў з сынам былі іменна тыя абставіны, што ён згадзіўся прыняць феадальнае падданства дзеля валодання маёнткамі, якімі яго продкі валодалі па праву ўнаследаваных вольнасцей.

— Значыцца, мы можам разлічваць на вашу згоду, добры Седрык, — сказаў прынц Іоан, — каб замацаваць гэты маёнтак за адной асобай, якому не будзе крыўдна ўзяць у падарунак зямлю ад брытанскай кароны… Сэр Рэджынальд Фрон да-Бёф, — гаварыў ён далей, звяртаючыся да гэтага барона, — спадзяюся, вы зможаце ўтрымаць за сабою добры баронскі маёнтак Айвенго, каб сэр Уільфрэд не наклікаў на сябе ў другі раз бацькоўскага гневу, завалодаўшы гэтай водчынай.

— Клянуся святым Антоніем, — адказаў чорнабровы асілак, — я згодзен, каб ваша вялікасць залічыла мяне ў саксонцы ў тым выпадку, калі Седрык або Уільфрэд ці які ні ёсць радавіты англічанін зможа адабраць у мяне маёнтак, які вы мелі ласку мне падараваць!

— Ну, сэр барон, — сказаў пакрыўджаны Седрык, — калі-б каму ўздумалася назваць цябе саксонцам, гэта быў-бы для цябе занадта вялікі ды і не заслужаны гонар.

Фрон дэ-Бёф хацеў супярэчыць, але прынц Іоан паспешна выперадзіў яго сваёй лёгкадумнай заўвагай:

— Разумеецца, панове! — сказаў ён. — Шляхетны Седрык зусім праў: іх парода стаіць вышэй ад нашай як даўжынёю радаслоўных спісаў, так і даўжынёю плашчоў.

— І ў ратным полі яны таксама спераду бягуць, — заўважыў Мальвуазен, — як дзічына перад сабакамі.

— Ім і трэба ісці наперадзе, — сказаў прыёр Эймер, — прымаючы пад увагу іх манеры і веданне далікатнасцей…

— А таксама іх памяркоўнасць у ядзе і цвярозыя паводзіны, — дадаў дэ-Брасі, забыўшы, што яму збіраліся пасватаць саксонскую дзяўчыну.

Прыдворныя з ласкавай усмешкай на тварах, гледзячы на прынца, па чарзе ўражвалі Седрыка. Твар саксонца пабагравеў ад гневу, і ён злосным позіркам глядзеў то на аднаго, то на другога. Урэшце ён загаварыў і, задыхаючыся