Старонка:Айвенго (1934).pdf/97

Гэта старонка не была вычытаная

ад прыдушанага шаленства, звярнуўся да прынца Іоана, як галоўнага пачынальніка атрыманых зняваг.

— Якія не былі-б бязглуздасць і заганы нашага племя, — сказаў ён, — кожны саксонец палічыў-бы сябе зганьбаваным, калі-б у сваім доме і за ўласным сталом так абышоўся з бяскрыўдным госцем або сцярпеў такія з ім абыходжанні, якіх ваша вялікасць мела ласку быць сведкай сёння. І лепш-бы аб гэтым не гаварылі тыя, прынамсі (тут ён зірнуў на Фрон дэ-Бёфа і храмоўніка), хто за апошнія часы не раз былі выбіты з сядла кап’ём саксонца! — Эге, які атрутны жарт! — сказаў прынц Іоан.

— Хопіць жартаваць, панове рыцары! — сказаў Фіц-Урс. — Вашай вялікасці час ужо супакоіць шаноўнага Седрыка запэўненнем, што ў падобных жартах ніякай крыўды для яго няма, хоць для нязвыклага вуха наша зубаскальства і можа здацца дзіўным.

— Крыўды! — паўтарыў прынц Іоан, мяняючы выраз твара і пераходзячы на самы ветлівы тон. — Каму-ж можа прыйсці ў галаву, што я дазволю ў сваёй прысутнасці пакрыўдзіць свайго госця? Ну вось, я зноў напоўню свой кубак і п’ю за здароўе самога Седрыка, калі ён адмаўляецца піць за здароўе свайго сына!

І зноў пайшла кругавая заздраўная чарка, якая суправодзілася ліцамернымі кампліментамі. Але яны не рабілі на Седрыка жаданага ўздзейнічання. Ён не быў ад прыроды асабліва кемлівы, але настолькі ў ім было чуласці і разумення, што ўсе гэтыя ласкавасці не маглі загладзіць уражання першапачатковай крыўды. Аднак ён моўчкі выслухаў наступны тост прынца агалошаны „за здароўе сэра Атэльстана Конінгсбургскага“ і выпіў разам з усімі.

Рыцар толькі пакланіўся і ў адказ на аказаны яму гонар наліў сабе вялікую шклянку і выпіў яе залпам.

— Ну, панове, — сказаў прынц Іоан, у якога ад выпітага віна пачынала шумець у галаве, — мы ўважылі нашых саксонскіх гасцей, а цяпер папросім іх таксама адплаціць нам ласкавасцю. Шаноўны тан, — прадаўжаў ён, звярнуўшыся да Седрыка, — ці не будзеце ласкавы назваць такога нармандца, імя якога найменш апаганіла-б вашы вусны, а калі яно па-