Як выявілася, Чарот не эфірнае стварэньне. Ён складзены з матэрыі. І род яго пачаў сваё разьвіцьцё ня як небудзь так сабе, а навукова, па Дарвіну. Корміцца Чарот у сталовых Цэрабкопу.
Другі: Дубоўка. Здольны паэта. Усім вядома, што многія дзяўчаты, журыліся над сумам яго „Апошняй песьні“ і над сумам тых вершаў, што вышлі пасьля яго „Апошняй песьні“. Але я новае хачу сказаць аб ім. На Украіне яго завуць „найкрашчы бузоцёр“.
Дубоўка цяпер у Маскве на правох „приват-доцента, пополняющего свой знания“.
Наогул, яго маемасьць дае яму самыя шырокія магчымасьці перасоўвацца з гораду ў горад без насільшчыкаў, чым ён сумленна і карыстаецца ня менш, чым раз у месяц.
Яз. Пушча. Яз. Пушча надзвычайна шчыры хлапец. Я, напрыклад, ведаю толькі адзін выпадак, калі ён схлусіў. Гэта было тады, калі ён абвясьціў „па Роста ў сялянскія хаты“, што ён — „ня сёньня, дык заўтра скіне шаўро і ангельскую сьвітку:“.
Алесь Дудар. Рэвалюцыянэр з пялёнак:
— „Над нашаю калыскаю ня сумны матчын сьпеў“.
Вось якія ўспаміны яшчэ жывы сьвежымі ўзорамі ў Алеся Дудара.
У радакцыю ходзіць сам. Вершы яшчэ ў калысцы пачаў пісаць, а што-ж будзе, як падрасьце крыху?
Андрэй Александровіч. У інтымным жыцьці, як кажа Зарэцкі, „голос имеет не особенно сильный, но довольно противный“. Намесьнік брандмэйстара па „Маладняку“.
Студзень 1926 г.