Старонка:Алёша (1927).pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

У Менску прачыталі гэты самы фэльетон і сказалі:

— Тонка намёквае! Калі сьвіньня значыцца — гэта наш заў, ну але наш заў сам пісьменны, ён Крапіве адкажа…

І ў Маскве прачыталі гэты фэльетон. Там адразу рашылі:

— Гэта пра нашу сьвіньню… Будзе Крапіва займацца якімісь там акруговымі ці менскімі сьвіньнямі. У іх і габінэту нават добрага няма. А нашая сьвіньня дык гэта-ж да, сьвіньня. І габінэт у яе дык гэта да, габінэт…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Дарагія таварышы, акруговыя, менскія і маскоўскія, я карыстаюся сваім знаёмствам з Крапівай, каб супакоіць вас. Ніякай сьвіньні асабіста Крапіва на ўвазе ня меў, калі пісаў гэты фэльетон. Сьвіньня Крапівы, гэта сьвіньня не рэальная а сымбалічная, альбо, як кажа Ефім Зазуля, адна „туманная аллегория“, а ня сьвіньня.

Ды і якая-ж можа быць сувязь, скажэце самі, між акруговымі ці яшчэ ляпей менскім альбо маскоўскім завам і, не раўнуючы, сьвіньнёй, хаця-ж і сымбалічнай.

Яшчэ раз не палохайцеся, акруговыя, менскія і маскоўскія таварышы.

Дый акрамя таго, Крапіва пад сваёй сьвіньнёй, асабіста нікога на ўвазе ня меў і, такім чынам, кожны з абразіўшыхся мае падставу думаць, што вышэй апісаная сьвіньня другі, а ня ён.