Старонка:Амок (1929).pdf/104

Гэта старонка не была вычытаная

валася толькі зрабіць уваход у сярэдзіну ды пашырыць і замацаваць гэтую пячору. Яна ўваходзіла пад зямлю толькі з аднаго боку; з другога ўздымалася ад вады стромкая сьцяна, але і гэтага было досыць. Той, хто знаходзіўся ў сярэдзіне, мог адчуваць сябе, нібы на вэрандзе дому: над ім столь на слупох, сьпераду садок, які хаваў жыльлё ад цікавых вачэй, а за садам — возера. А ў выніку ўсяго гэтага стварылася нешта надзвычайнае, таемнае, такое, што магло нават мець некаторую ролю ў справах агульнага значэньня.

Памяшканьне, дзе зьбіралася нарада, таксама асьвятлялася газам. Сьвятло было дзень і ноч, бо ня трэба было экономіць дармовага продукту. Мэблі ніякай ня было, але затое ўся падлога і сьцены былі абіты дыванамі і скурамі.

Ля аднэй сьцяны стаяла статуя Багара-Гунгаля, а ля яе маленькая мяккая прыступачка. На ёй і ўсеўся Гіранг-Ту-Ун.

— Браты! — пачаў ён, калі ўсе сабраліся. — Вы ўжо ведаеце, што да нас прышло няшчасьце. Нечасьцівы чужаземец адплаціў нам за нашу гасьціннасьць тым, што парушыў табу і нават забраўся сюды. Лёс яго вырашаны. Але жыцьцё гэтага паганага сабакі нішто перад тэй бядой, што ён нарабіў. Вы-ж ведаеце наш закон: калі хто запаганіць наша жыльлё, яго мы павінны пакінуць. Апошні раз такі выпадак быў пры Ту-Уне-Самнамбунгу, 128 гадоў назад. Тады ён пакінуў сваё памяшканьне і перасяліўся сюды. І вось цяпер зноў перад намі паўстала такая самая задача.

Ён спыніўся, але ніхто нічога не адказаў. Кожны ўявіў сабе ўвесь той клопат, які вынікае з гэтай гісторыі. Гэта значыць, што трэба ні за што ні пра што пакінуць найлепшае месца, якое толькі можа быць на сьвеце. Але і ня ў гэтым бяда; хай-бы сабе Гіранг жыў, дзе хоча. Але дзеля гэтага патрабуецца вялікая праца, а выконваць яе прыдзецца ім, сарака чалавекам. Бо ня могуць будаваць яго тыя, хто нават ведаць не павінен аб гэтым месцы. Калісьці гэта рабілі палоньнікі, рабы, крымінальнікі, якіх потым можна было і забіць, а цяпер ня тое. Ім самім прыдзецца працаваць можа ў працягу некалькіх год. А ад працы яны ўжо зусім адвыклі. І мімаволі ім прыходзіла да галавы думка: «А праваліся гэты закон і той, хто яго выдумаў!»

Ня лепей адчуваў сябе і сам Гіранг-Гу-Ун. Яму пакідаць гэта дасканалае памяшканьне не хацелася больш чым ім. Такога добрага жыльля больш ня знойдзеш, нідзе. І, падумаць толькі, што ўся гэтая бяда з-за якогась паганага чужаземца! Забіць-бы яго, — і справа скончаная. І ўсёроўна ніхто ня будзе ведаць

гэтага месца. Але закон! Вялікая крыўда ахапіла Гіранг-Ту-Уна, ня столькі на гэтага злачынцу, колькі на гэты дурацкі першабытны закон.

 

100