Старонка:Амок (1929).pdf/108

Гэта старонка была вычытаная

прыступкі скончыліся і Піп адчуў, што ён нібы вісіць пад бяздоньнем. Нават нейкая вільгаць і цьвіль адчувалася адтуль.

Але вось унізе пачуўся нейкі рух, незразумелае шуршаньне, нібы хто месіць цеста. Рух павялічваўся, набліжаўся. Вось быццам нешта захісталася ля яго ног.

Валасы ўсталі дыбам на галаве Піпа. Кінуўся ён назад, зачапіўся нагой, паваліўся, нага сьлізганула ўніз, дакранулася да чагосьці мяккага. Але гэта было толькі на адзін міг. Ён пасьпеў падняць нагу і вылезьці назад.

Доўга ён сядзеў у царкве, і ламаў галаву, што-б гэта такое магло быць. Галоўнае, — ні гуку, ні груку ня было чуваць. Але нарэшце супакоіў сябе тым, што ва ўсякім разе гэта былі ня людзі.

«Відаць, без сьвятла нічога ня будзе!» — сказаў ён сам сабе і парашыў чакаць дня. Але праз некалькі хвілін сьцяміў, што ўдзень можа і зусім нельга будзе выходзіць, бо напэўна людзі будуць швэндацца.

Прышлося зноў ісьці. Зноў знашоў адзін уваход. Ён зноў вёў уніз; далей заварочваў налева. Піп хацеў пайсьці туды, але ў гэты момант зачапіў рукой за клямку направа. Паціснуў — адчыняецца. А далей відаць нібы сьвятло.

Адзін-другі заварот, — і ён апынуўся ў нейкім памяшканьні, накшталт майстэрні, дзе былі якіясь скрыні, колы, вяроўкі, нават трубы. А аднекуль збоку ішло сьвятло.

«Ці ня людзі там?» — ёкнула сэрца, але Піп усё-ж такі пачаў асьцярожна ісьці туды. Па дарозе за нешта зачапіўся, пахіснуўся і, каб не зваліцца, інстынктыўна ўхапіўся за якуюсь вяроўку. Вяроўка падалася. Ён выпусьціў яе з рук, — і вось наверсе пачуўся стук… Рэха пакацілася па ціхіх куткох, як здавалася Піпу, нібы гром. Хоць у сапраўднасьці гук быў зусім слабы.

Піп схаваўся ў нейкую шчыліну і пачаў чакаць сьмерці. Але ўсё было ціха, як і раней.

Адлягло ад сэрца. Папоўз далей. Сьвятло ўсё ўзмацнялася. Вось ход зноў наверх. Падняўся, зірнуў — і ўбачыў таго самага пяцёхрукага ідала. Хоць і ведаў Піп, што гэта за зьвер такі, але ўсё-ж ткі ў першы момант неяк жудасна стала сустрэцца з ім адзін на адзін.

Збоку быў пакінуты адзін сьвяцільнік, мусіць, каб ня спусьціць агонь. Тады Піп падышоў да ідала, пакратаў яго, пастукаў, — гудзе, значыцца, пусты ў сярэдзіне. Падняў тую руку з нажом, апусьціў, — той самы стук, які толькі што яго напалохаў. Значыцца, тая вяроўка была прыладжана, каб падымаць і апускаць гэтую руку! Сапраўды няхітрая мэханіка.

Піп спусьціўся ўніз, каб лепей разглядзець прылады. Вось колы і блёкі, каб «цудоўна» адчыняць дзьверы перад ідалам. Вось шнурочкі, каб вочы ідала лупалі. Вось газавая трубка, каб вочы сьвяці-

 

104