Старонка:Амок (1929).pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

тады займала плошчу ў тры разы большую за цяперашнюю, але на ёй і тады ніхто ня жыў.

Ведалі мы, што гэта вулькан, што гадоў 200 назад ён дзейнічаў, што ў ім ёсьць тры невялікіх кратэры на 3-4 кілёмэтры адзін ад аднаго, але аб гэтым ніхто ня думаў, бо такіх вульканаў на адной толькі Яве ёсьць аж 121[1].

І вось аднаго разу Кракатау прачнуўся. Пачуўся грукат, над кратэрам падняўся воблачны слуп, як потым казалі, на 11 кілёмэтраў у вышыню. Уначы ён зьзяў праменьнямі; усё гэта мы маглі наглядаць з Анжэра, хоць ад нас да вулькану было 60 кілёмэтраў. Праз некаторы час пасыпаўся попел і ўкрыў зямлю і дрэвы нібы сьнегам.

Праз некалькі дзён стала цішэй; потым зноў пачалося. Так цягнулася тры месяцы. Мы прызвычаіліся, не непакоіліся і былі вельмі задаволены, што ён знаходзіцца далёка ад нас, у моры, і нікому ня можа пагражаць.

Але 26 жніўня ля поўдня пачуўся такі грукат, што мы не маглі чуць голасу адзін аднаго; зямля затрэслася, дамы абвальваліся. Над кратэрам быў ужо слуп у 30 кілёмэтраў вышынёй. Потым стала цёмна. Мора разбушавалася. Хвалі рынуліся на зямлю і зьнесьлі палову нашага гораду і некалькі вёсак. Наш дом застаўся.

Зьверху ўвесь час сыпаўся попел. Часам даляталі гарачыя каменьні. Зямля дрыжала без перапынку. Цемра была такая, што ў двух кроках нічога ня было відаць. Сярод гэтага пекла разгулялася навальніца. Хвалі ўсё напіралі, але яны былі густыя, ліпучыя ад попелу. Здавалася, што і неба, і зямля, і вада перамяшаліся. Дождж, зьмяшаўшыся з попелам, падаў на зямлю горачай гразьзю.

Зразумела, народ быў упэўнены, што прышоў канец сьвету. Людзі беглі, куды вочы глядзяць, натыкаліся ў цемры на дамы, дрэвы, падалі і тапіліся ў гарачай гразі.

Кажуць, што гэтая цемра цягнулася 18 гадзін, але для нас усіх гэта была цэлая вечнасьць. Усе, хто мог, уцякалі далей ад берагу, да ўзвышшаў. Спробвалі і мы, але зараз-жа пераканаліся, што тады будзе яшчэ горш. Па пояс у гразі, у цемры, усёроўна нельга было уцячы. А наш дом быў на самым высокім месцы і мы парашылі нікуды не уцякаць. Шмат суседзяў таксама сабраліся да нас.

Вось скончылася бура, праз жоўты туман крыху засьвяціла сонца. Усе мы аж закрычалі ад радасьці: скончана! выратаваліся! Але раптам пачуўся такі грукат і ўздрыг, што ўсе мы паваліліся на зямлю, а праз хвіліну я ўбачыў такое зьявішча, якога ніколі не забудуся.

На нас ішла гара, цёмная, рудая, а на яе верхавіне — карабель…

Гуз змоўк і палез за люлькай. Маўчалі і іншыя. З левага боку пасоўваўся Кракатау і рабіў выгляд, што ўся гэта гісторыя яго не датычыцца…

  1. З іх часамі дзейнічаюць каля 30.