Старонка:Амок (1929).pdf/110

Гэта старонка не была вычытаная

яны там капошацца, гэтыя неразумныя людзі. Ён мае свае вышэйшыя інтарэсы, якія запаўняюць усё яго шчасьлівае жыцьцё.

Пацягнуўся дзень, доўга, марудна. Некалькі часу Піп выгадаў тым, што крыху паспаў. Але які гэта быў сон? Некалькі раз ён выходзіў, але адлучацца далёка баяўся, каб мець магчымасьць уцячы ў сваю каморку. Ва ўсякім разе добра было і тое, што ён мог не сядзець увесь час у сваёй клетцы. Большую частку дня ён правёў ля парога сваёй хаты. І аднаго разу нават задрамаў…

Праз некаторы час ён адчуў, што нешта цягне яго, перашкаджае. Адчыніў вочы і зараз-жа ўбачыў погляд факіра. А ўсьлед за гэтым пачуў, што нехта ідзе. Ледзь пасьпеў ён схавацца. Затое-ж якім удзячным поглядам зірнуў ён на факіра. А той, здаецца, і не заўважыў гэтага. Навошта яму ўсе гэтыя дробязі жыцьця?

Нарэшце прышла ноч. Пачакаўшы яшчэ гадзіны са дзьве, пакуль усё знадворку сціхне, Піп зноў пачаў вандраваньне. На гэты раз ён быў сьмялейшы і, апрача таго, меў пэўны плян.

Ён адразу пашоў у памяшканьне пад сцэнай і набраў тамака ахапак трэсак, што былі падрыхтаваны для «цудаў». Запаліў адну з іх ад агню і пашоў ужо са сьвятлом. Спачатку ён накіраваўся туды, дзе ўчора набраўся страху.

Калі ён спусьціўся з агнём, дык убачыў яшчэ больш страшное, чымся ўчора ў цемры. У яме былі зьмеі, страшныя кобры. Закруціліся гады, патрывожаныя агнём, пападнімалі свае галовы ў капялюшох. Але выпаўзьці па гладкіх сьценах не маглі. І колькі іх тутака было! Дык вось куды трапіў ён учора?…

Зьмеі заўсёды гралі важную ролю ў старажытніх індускіх вераваньнях, і вельмі часта мелі дачыненьне да цэркваў, асабліва, калі яшчэ іх вымуштраваць. Адсюль з аднаго боку пашло муштравальнае мастацтва, вельмі распаўсюджанае на Ўсходзе, а з другога — ушанаваньне іх, як сьвятых жывёлаў.

«Можа і мяне думаюць аддаць гэтым зьмеям?» — прышла Піпу думка, праўду кажучы, вельмі праўдападобная. Разам з жахам гэта надало і больш энэргіі, каб шукаць выйсьця.

На гэты раз Піп парашыў шукаць яго ўверсе, бо там ён знадворку бачыў вокны і маленькія вежы. Але ня так лёгка было знайсьці выхад туды. Нарэшце, у адным з калідораў ён знашоў зачыненыя дзьверы і парашыў выламаць іх. У гэтай справе дапамог яму добры бог Багара Тунгаль; у яго вантробах Піп знашоў моцны мэталёвы прэнт. Гэтай прыладай Піп хутка высадзіў дзьверы і палез уверх. Але там у мурох пашлі круціцца такія калідоры, што Піп зусім заблытаўся, а акна ніякага так і не знашоў, хоць выламаў яшчэ некалькі дзьвярэй.

У адным месцы ён пачуў над сваёй галавой нібы крокі. Прыслухаўся — праўда! Нават можна было распазнаць, што там некалькі чалавек. У Піпа нібы ногі прырасьлі да зямлі. Ён пасунуў іх толькі тады, калі недзе зусім блізка пачуўся нават шэпт і водбліск сьвятла.

 

106