Старонка:Амок (1929).pdf/112

Гэта старонка не была вычытаная

— З аднаго боку трэба было-б, каб паляўнічая экспэдыцыя мела належны выгляд, — адказаў Тугай, — але з другога — ты і тут патрэбен. Ці Сэлім накіраваўся?

— Ён ўжо там.

— Ну, тады паедзем, тым болей, што без цябе і прайсьці мы ці зможам.

А яшчэ праз хвіліну па палявой дарожцы рухалася паляўнічая экспэдыцыя ў складзе трох чалавек. На чале, вярхом, узброены з ног да галавы, ехаў ван-Дрэкер, а за ім пехатою ішлі два тубыльцы, таксама ўзброеныя. Апрача гэтага, яны несьлі яшчэ рэчы, а рэшта рэчаў была на другім кані. Ехалі яны, відаць, у тыя самыя Бантамскія пушчы, але з другога боку, са ўсходу.

Сустрэчныя тубыльцы, спаткаўшы белага туана, рабілі «дьонг-кок». Туан моршчыўся і паважна ківаў галавою. Але апошні раз, калі яны ўжо пад’яжджалі да лесу, ён ня вытрымаў і зьвярнуўся да такога шанавальніка на малайскай мове:

— І чаго ты, дурань, пнешся? Навошта табе зьняважацца перад чужым чалавекам толькі затым, што ў яго скура белая? Сорамна гэтак рабіць! Лічы і сябе чалавекам.

Слугі зарагаталі, а сустрэчны, як сядзеў на корачках, дык і апусьціўся на зямлю, разявіўшы рот. Ужо падарожнікі зусім схаваліся з вачэй, а ён усё сядзеў і глядзеў ім усьлед. І ня дзіва: мусіць, ад стварэньня востраву Явы ня было такога выпадку, і гэты выпадак якраз трапіў на гэтага шчасьліўца.

Калі ўвашлі ў лес, ван-Дрэкер зьлез з каня і сказаў:

— А цяпер, таварышы, разьмяркуемся лепей. Пакладзеце свае рэчы на гэтага каня і пойдзем, як сапраўдныя паляўнічыя.

— Ну, і зьдзівіў-жа ты таго чалавека! — сказаў Тугай, пакатваючыся ад сьмеху. — Мусіць, увесь век будзе памятаць і трубіць на ўвесь сьвет.

— Шкада, што няможна гэтага на кожным кроку рабіць, — спакойна адказаў Дрэкер.

Можа чытач ужо здагадаўся, хто такі быў «паважаны мінгер ван-Дрэкер, прадстаўнік паважанай фірмы ван-Бром і К° у Амстэрдаме?»

Калі не, дык прыдзецца прыпомніць драму на моры, «Саардам», мэханіка Гейса і яго таварыша Салула, які цяпер зваўся Тугай. Ня трэба доўга тлумачыць, чаму яны гэтак перавярнуліся. Мы самі ўжо бачылі, якія выгоды мае «прадстаўнік фірмы ван-Дрэкер» на Яве. Ён можа ўсюдых езьдзіць, усё бачыць і ведаць, усюды яму пашана, а за яго сьпіною і яго слуга адчувае сябе лепей і бясьпечней. Мы ўжо бачылі, што Гейс у доме генэрал-губарнатара даведаўся, нават, што ўлада нешта пранюхала аб «Саардаме», і папярэдзіў аб гэтым таварышоў тэлеграмай.

Апрача таго, перад Гейсам і Салулам стаяла ня меншая задача. Трэба было разьмеркаваць зброю, якая была захоплена на «Саар-

 

108