Старонка:Амок (1929).pdf/113

Гэта старонка не была вычытаная

даме». А гэта справа нялёгкая. Зброі было шмат; абы куды яе нельга было пхнуць.

Перапіскай усё гэта організаваць немагчыма. Неабходна было дасьледваць і падрыхтаваць на мясцох. Дзеля гэтага яны і накіроўваліся ў Батамскія пушчы, дзе меркавалася зрабіць галоўны склад зброі.

Нарэшце, агульныя пытаньні паўстаньня патрабавалі аб’яднаньня. Патрэбна было высьветліць становішча на мясцох, апрацаваць плян, вызначыць тэрмін і г. д. Дзеля гэтага нічога лепшага нельга было прыдумаць, як вандраваньне «прадстаўніка фірмы ван-Бром і К°» з нікчэмным слугой Тугаем.

Трэба адзначыць яшчэ, што Гейс ня быў галоўным кіраўніком у гэтай працы. Нават Салул, які граў ужо вялікую ролю, таксама ня быў галоўным. Галоўны штаб быў у Батавіі, потым камітэты ў горадзе Бантаме, Сурабайі і іншых мясцох.

Але галоўныя кіраўнікі ня мелі магчымасьці вандараваць; яны патрэбны былі на месцы. Апрача таго, за імі больш сачылі. Такім чынам на долю Салула і Гейса прышлася самая сур’ёзная і адказная праца.

Можа паўстаць пытаньне, якім чынам яны так прыстасаваліся, але на гэтым ня варта спыняцца. Досыць ведаць, што за грошы ўсё можна зрабіць у капіталістычных краёх, а для гэткай мэты знашліся грошы на «Саардаме».

Такім чынам, у Бантамскіх пушчах апынулася і другая «паляўнічая экспэдыцыя». Але зьвяры маглі быць спакойнымі: гэтыя паляўнічыя не зварачалі на іх аніякай увагі, яны сьпяшаліся па сваёй справе.

Праз два дні яны праходзілі ў 3-4 кілёмэтрах ад гары «табу», накіроўваючыся далей на поўдзень. І тут напаткалі Нонга, які, пераначаваўшы ў даліне гейзэраў, блытаўся, ня ведаючы, што рабіць, і такім чынам адбіўся крыху ў бок.

Неспадзявана ўбачыўшы трох новых людзей і сярод іх белага, Нонг нават ня ведаў, што і думаць. Але падарожнікі ніколькі ня зьдзівіліся: яны былі ўпэўнены, што гэта адзін з іх таварышоў. Хто іншы, ня лічачы бадувіса, мог тут быць? Ды яшчэ добра ўзброены.

— Хутчэй праводзь нас на месца! — зьвярнуўся Салул да Нонга.

— Куды? — зьдзівіўся Нонг.

— Ды ня бойся, мы свае! — нецярпліва сказаў Салул.

— Да бадувісаў? — запытаўся Нонг.

— Ды годзе, будзе ўжо! — раззлаваўся Салул. — Ці-ж ты ня бачыш, што нас толькі трое. Нават, каб і ворагі былі, дык бясьпечныя.

— Ды я нічога не разумею, што вы хочаце, — шчыра адказаў Нонг.

— Малайчына, таварыш! — сказаў Гейс, стукнуўшы яго па плячу. — Надзейны хлопец. Вядзі!

— Праўду кажучы, я і сам крыху зблудзіў і добра ня ведаю, куды ісьці. Здаецца, у той бок, — паказаў ён рукой у бок паселішча.

 

109