Старонка:Амок (1929).pdf/114

Гэта старонка не была вычытаная

Нашы падарожнікі выразна пераглянуліся.

— Хто ты такі будзеш? — ужо строга запытаўся Салул.

— Я — Нонг з дэзы Банд’ю.

— Як ты сюды трапіў?

— Прыбыў з белым туанам на паляваньне.

— А як завецца твой туан? — запытаўся Гейс, успомніўшы Піпа.

— Ня ведаю.

— А як ён выглядае?

— Досыць высокі і худы, з сьветлымі валасамі.

— Так і ёсьць! — ускрыкнуў Гейс. — Гэта напэўна той дзівак, з якім мы сустракаліся ў Батавіі. Памятаеш, Салул?

— Памятаю, — усьміхнуўся той. — А якім чынам ты з ім сустрэўся? — зноў зьвярнуўся Салул да Нонга.

— У дарозе, — пачаў Нонг. — Я ішоў, куды вочы глядзяць, накіроўваючыся ў гэты бок. Матка памерла, бацька загінуў, уся маемасьць прапала. Мне нічога не заставалася, як ісьці куды-небудзь, дзе…

— Тут ён зірнуў на Гейса і спыніўся.

— Кажы, кажы, ня бойся! — супакоіў яго Салул. — Гэты чалавек наш.

Пры гэтым слове Нонг яшчэ болей зьдзівіўся. Як гэта можа быць? Белы чалавек, — ды «наш»!

І Салул, і Гейс добра ўразумелі, што думае Нонг.

— Ну, добра, — сказаў тады Салул. — У такім разе мы скажам табе, хто мы такія. Мы тыя, хто вядзе барацьбу з белымі і рознымі туанамі наогул.

Нонг зноў зірнуў на Гейса з-пад ілба.

— Асабліва з белымі туанамі, — дадаў, усьміхаючыся, Гейс.

Нонг убачыў, што людзі гэтыя, здаецца, добрыя і сказаў:

— Я і хацеў далучыцца да такіх.

Адразу адчувалася, што Нонгу нельга было ня верыць.

— Ну, дык ідзем з намі, — сказаў Салул.

— Ахвотна, — адказаў Нонг, — але трэба было-б скончыць з маім туанам, ды вось якая справа…

І Нонг падрабязна расказаў усю гісторыю.

— Шкода чалавека, — сказаў Гейс задуменна. — Ва ўсякім разе ёй ня з тых, каго мы можам лічыць ворагамі.

— Гэта праўда, — згадзіўся Салул, — і трэба будзе падумаць, каб яго выратаваць. Але спачатку нам трэба абмеркаваць нашыя справы. Ідзем хутчэй, там паглядзім.

Усе чацьвёра пашлі далей і праз дзьве гадзіны былі ўжо ў лягеры інсургентаў[1].

  1. Паўстанцы, партызаны.
 

110