Старонка:Амок (1929).pdf/116

Гэта старонка не была вычытаная

дзіцца, — усьміхнуўся Салул, — я магу сказаць, што за апошні час шмат рабочых з «Сарэкат-Райят» далучаецца да комуністых.

— Хай сабе далучаюцца, куды хочуць, абы толькі не сядзець, склаўшы рукі! — бліснуў вачыма Сэлім.

— А наконт дзейнічаньня, — казаў далей Салул, — справа стаіць так, што нават ужо цяжка стрымліваць народ. Асноўнае ядро з рабочых організавана. Выступленьне намячаецца ў лістападзе, калі на мясцох ня будуць пярэчыць.

— Але трэба дадаць, — сказаў Гейс, — што ў Вэльтэўрэдэне пры мне адбылося адно няпрыемнае здарэньне: нейкі вар’ят кінуў бомбу ў палац генэрал-губарнатара. Яму шкоды ніякай не зрабіў, а нам вялікую. Можна чакаць узмацненьня рэпрэсій, узмоцненага наступу на нас наогул. Я нават гатоў падумаць, ці ня зроблена гэта наўмысьля агентамі ўлады?

— Гэта рэч няпрыемная, — сказаў Сэлім, — але спыняцца перад гэтым няварта. У Бантаме, напрыклад, падымаецца ўвесь народ. Разам з Батавіяй будзе ахоплена ўся заходняя Ява. А там ужо пойдзе ўсюды. Галоўнае — пачатак. Я згаджаюся на лістапад. Часу яшчэ хапае.

— Нам яшчэ трэба наладзіць справу ў Цэнтральнай Яве. Там ёсьць глеба. Мы адсюль туды і едзем, — сказаў Салул.

— Тым лепей!

— А я павінен сказаць наконт сваёй справы, — выступіў Пуан. — Не забывайцеся аб самым галоўным, — аб зброі. Неабходна сконцэнтраваць спачатку яе ў адпаведных пунктах, а потым ужо вызначаць тэрміны.

— Не забывайцеся, — горача адказаў Сэлім, — што мы падрыхтоўваліся і бяз гэтай зброі. Нават, каб яе і ня было, мы выступілі-б, а цяпер тым болей.

— Яно так, — адказаў Пуан, — але ўсё-ж такі гэта трэба абгаварыць у першую чаргу.

— Дзеля гэтага-ж галоўным чынам мы і прыехалі сюды, — перарваў Салул.

— Ну, і добра, — казаў далей Пуан. — Зразумела, што лепшага пункту, як гэтае месца, быць ня можа. Па сваіх умовах яно нібы і вельмі далёка і разам з тым вельмі блізка: на адлегласьці толькі двух дзён. Але ўсё-ж такі рабіць вялікі склад зброі ў гэтай лагчыне вельмі рызыкоўна. Калі яны надумаюцца паслаць сюды значны атрад, дык і ўсёй справе канец, — не пасьпееш усё схаваць. Значыцца, трэба знайсьці такое месца, дзе-б і шукаючы не маглі знайсьці. Можа такое месца і знойдзецца там далей, у горах, але-ж мы ведаем, што зброя павінна быць пад бокам.

— Ці нельга было-б дагаварыцца як-небудзь з гэтым бадувісамі? — прапанаваў Салул. — У іх напэўна ёсьць такія месцы.

 

112