Старонка:Амок (1929).pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

— Ну, а як-жа нарэшце ты выратаваўся?

— Ня ведаю. Калі я апамятаваўся, дык ляжаў на ўзгорку кілёмэтраў на шэсьць ад дому, ля мяне ляжаў дах ад нашага дому, а на сто крокаў далей — разьбіты карабель… Уся мая сям’я загінула. Ды і наогул з нашага горада засталося жывымі чалавек пятнаццаць.

І Гуз адышоў убок. Відаць, яму не хацелася больш аб гэтым казаць.

Мы можам дадаць, што марскія хвалі ад гэтага выбуху дакаціліся праз 15.000 км. да Амэрыкі, а грукат людзі чулі за 3.400 км. На дзесяткі кілёмэтраў навокала пласт попелу[1] дасягаў 20-40 мэтраў таўшчыні. У моры ён плаваў наверсе некалькі дзён, як лёд, у 2 мэтры таўшчыні, пакуль не пашоў на дно. Адзін карабель 6 дзён сядзеў у гэтай кашы, а пасажыры ледзь не памерлі з голаду.

Зразумела, пабярэжжа Суматры, асабліва-ж Явы, як ніжэйшае, — было зьнішчана дашчэнту. Заместа гарадоў, вёсак, палёў, лясоў зрабілася мешаніна з рэчаў, жывёлы, людзей, расьлін і гразі.

Праз некалькі месяцаў у Эўропе, таксама ў іншых мясцох зямлі, заўважылі, што перад захадам сонца неба прыймае нейкі асаблівы зялёны колер, нібы сонечны сьвет праходзіць праз пыл. Вучоныя растлумачылі, што гэта і ёсьць пыл ад Кракатау, што ўзьняўся на вышыню ў 60-70 клм.

«Саардам» ішоў далей. Кракатау застаўся ззаду. За ім пашлі другія выспы, маленькія, нізкія.

— Гэтыя выспачкі парабіў Кракатау, — сказаў лейтэнант. — А вось там далей ляжыць значная і людная выспа — Сэбезі, дык на ёй тады загінулі ўсе чыста жыхары.

Гэтыя ўспаміны ды жывыя і мёртвыя сьведкі жудасных падзей зрабілі ўражаньне на ўсю каманду «Саардаму». Нават ніхто не заўважыў, як зрабілася цёмна. Ды і наогул пад зваротнікамі ноч заўсёды надыходзіць неяк раптоўна, адразу, бяз змроку. Пакуль сонца сьвеціць — дзень, а як толькі зайшло — адразу цёмная ноч. Карабель быў якраз на экватары, дзе ўвесь год сонца ўзыходзіць акурат а 6 гадзіне і заходзіць таксама а 6 гадзіне.

Карабель асьвяціўся агнямі і накіраваўся бліжэй да явайскага берагу.

У самым вузкім месцы Зондзкай пратокі, якраз пасярэдзіне яе, ляжыць выспа, якой дадзена вельмі цікавая назва: «Поперак Дарогі».

— Можа, гэты самы Кракатау наўмысьля зрабіў гэту выспу поперак дарогі? — пажартаваў малады матрос.

— Не, яна тут была заўсёды, — усьміхнуўся Гуз: — Яна ўжо даўно перашкаджае тут усім.

  1. У сапраўднасьці гэта ня попел, а лявавы пыл.