Старонка:Амок (1929).pdf/121

Гэта старонка была вычытаная

ХІ. ЗА КОШТ БОГА БАГАРА-ТУНГАЛЯ.

Закон перамог! — Шуканьне ўваходу. — Дапамога прыроды. — Навасельле. — На далейшую працу.

Адправіўшы Піпа, таварышы вярнуліся ў лягер і пачалі чакаць вынікаў сваёй працы. Каб быць у курсе спраў, яны пакінулі ў пасёлку аднаго з інсургентаў, які меў там добрых сяброў.

— Калі праўду сказаць, ідучы на гэту авантуру, я не спадзяваўся на тое, што яны пакінуць нам свой прытулак, — казаў Салул. — Каб ня гэты Піп, я ніколі не пашоў-бы спэцыяльна на такое глупства.

— Што і казаць, — згадзіўся Гейс, — гісторыя дзіцячая. Але што нам абыходзіць? Паглядзім. Усёроўна вызваліць гэтага бедака трэба было.

— Затое, я вельмі спадзяюся на посьпех, — сказаў Сэлім, — бо ведаю такіх фанатыкаў. Для іх закон — усё.

Гэтай-жа думкі прытрымліваўся і Пуан.

Пад вечар прышоў разьведчык, а разам з ім і Того, і расказалі наступнае. Аб зьнікненьні палоньніка даведаліся досыць позна і, здаецца, спачатку хацелі захаваць сакрэт, каб абмеркаваць, як трымаць сябе далей перад народам. Але гэта не ўдалося; вестка мігам абляцела ўвесь пасёлак. Усе загулі, што Гіранг-Ту-Ун павінен будзе пакінуць сваё памяшканьне.

Трэба мець на ўвазе, што народ, хаця і ня бачыў памяшканьня Гіранг-Ту-Уна, але ведаў, што яно павінна быць недзе там на гары, ці ў самой гары. Немагчыма-ж было захаваць сакрэт ад усяго народу на працягу шмат дзесяткаў год, тым болей, што сьвятыя мужы ўсё-ткі мелі дачыненьне да народу. Справа ішла не аб тым, каб ніхто ня ведаў аб існаваньні Гіранг-Ту-Уна, а толькі аб тым, каб надаць яму таемнасьці і боскай моцы.

Калі ўжо народ пачаў казаць, што Гіранг-Ту-Уну прыдзецца пакінуць сваю кватэру, дык жрацом немагчыма было замазаць гэтую справу. Як апошні сродак захаваць становішча, зьявілася была думка замясьціць непасрэднага віноўніка яго дапаможнікам Того, але ён аб гэтым прачуў і загадзя ўцёк.

Зноў адбылася нарада ў Гіранг-Ту-Уна, але ўжо зусім у іншым тоне. На гэты раз старэйшы і мудрэйшы муж сказаў прамову зусім іншага зьместу:

Браты! Мы памыліліся. І ня толькі памыліліся, але нават разгнявілі вялікага духа. Мы ня мелі права пасвойму тлумачыць закон, якім кіраваліся нашы продкі. Яны-ж былі мудрэйшыя ад нас і ведалі, што рабілі. Вялікі Самнамбунгу нездарма-ж рабіў так, а ня іначай. Яны ня тлумачылі закон пасвойму. І вось Багара-Тунгаль паказаў нам, што ён не прызнае нашага самавольнага тлумачэньня, што ён патрабуе, каб мы выконвалі закон, як ён ёсьць, без усялякіх хітрыкаў.

 

117