Старонка:Амок (1929).pdf/122

Гэта старонка была вычытаная

Ці-ж іначай ён мог папусьціцца, каб гэты чужаземец уцёк з царквы? Ці мала такіх людзей было за сотні год, але мы ні разу ня чулі, каб яны ўцякалі адтуль. І вось цяпер чамусьці гэта здарылася. І здарылася акурат тады, калі мы адступіліся ад закону. Ці можа быць лепшы довад, каб паказаць нам наш грэх? Браты! Няма чаго нам болей разважаць. Мы павінны толькі пакаяцца і выканаць закон. Не забывайцеся, што мы лічымся адзінымі захавальнікамі вялікай рэлігіі нашых дзядоў, — грозна скончыў стары.

І зноў, як і тады настала цішыня. Зноў ніхто не хацеў гаварыць. Але думкі ўсіх былі зусім іншыя. Асабліва было няпрыемна тым, хто тады ў глыбіні душы не згаджаўся з правідловасьцю і мудрасьцю закону.

Становішча склалася досыць цікавае: выдумалі закон для другіх, а цяпер самім прыходзіцца мець ад яго няпрыемнасьці. І ня выканаць закону нельга, бо народ ужо ведае ўсю гісторыю. А калі сам ня выканаеш, дык тады і народ збэсьціца.

… На другі дзень Гіранг-Ту-Ун перасяліўся ў агульнае памяшканьне «сарака». Хоць і добрыя пакоі яму адвялі, хоць і абсталявалі іх пацарску, але ўсё-ж такі гэта было зусім ня тое, што там. І больш за ўсіх шкадавала свайго месца і пралівала сьлёзы жонка Гіранг-Ту-Уна, адзіная жанчына, якая мела права жыць сярод сьвятых мужоў…

................

У лягеры, зразумела, зараз-жа даведаліся аб гэтым праз сваіх разьведчыкаў і вельмі былі задаволены.

— Цяпер і я ўжо буду лічыць старадаўныя законы вельмі мудрымі і карыснымі, — сьмяяўся Пуан.

— Для каго-небудзь яны абавязкова бываюць карысны, — дадаў Гейс.

— Галоўным чынам для тых, хто ўмее іх выкарыстаць, — скончыў Салул.

— Усё гэта добра, — сказаў Сэлім, — але якім чынам заняць нам гэтае памяшканьне? Калі мы зьявімся на верхавіне гары і пачнем там працаваць перад усім белым сьветам, дык увесь наш сакрэт прападзе.

— Пачакай. Мы нават яшчэ ня бачылі яго. Пойдзем спачатку абгледзім.

Чатыры таварышы накіраваліся ў дарогу. Яны асьцярожна ўспаўзьлі на гару і ўбачылі ўсё тое, што бачыў спачатку Піп.

— Але-ж тут нічога асаблівага няма! — зьдзівіўся Гейс. — Сажалка — і больш нічога.

— Тым лепей, — сказаў Салул. — Значыцца, мы недарма стараліся. Значыцца, гэта месца сапраўды такое, што ніхто не зацікавіцца. Трэба толькі знайсьці ўваход, якім карыстаўся ранейшы гаспадар. Ён, зразумела, павінен быць з таго боку.

 

118