Старонка:Амок (1929).pdf/125

Гэта старонка была вычытаная

організаваць там бандыцкі цэнтр. Трэба прыняць усе захады, каб перашкодзіць гэтаму, а дзеля таго, чаго-б гэта ні каштавала, трэба злавіць іх. Зразумела, яны хаваюцца пад фальшывымі прозьвішчамі, якія пакуль што намі ня выяўлены. Але ва ўсякім разе Гейса прыблізна можна пазнаць па наступных адзнаках: гадоў 26-28, рост вышэй сярэдняга, валасы сьветлыя, вочы блакітныя. Салул звычайны тубылец такіх-жа год. Калі яны будуць злоўлены, накіруйце іх у Батавію».

Такую паперу атрымаў ван-Дрон праз некалькі дзён пасьля ад’езду Піпа. Ці трэба дзівіцца, што першая думка яго накіравалася на свайго нядаўнага госьця?

Узрост, сьветлыя валасы, рост, — усё гэта вельмі адпавядала дадзеным адзнакам. Разам з тым ван-Дрон зараз-жа ўспомніў, што і паводзіны госьця былі нейкія дзіўныя. Чалавек прыехаў з Голяндыі проста ў Бантамскія пушчы, каб толькі папаляваць! Нават і тады паважанаму ван-Дрону кінулася ў вочы гэтая недарэчнасьць. Але хто мог падумаць, што тут крыецца такая сур’ёзная справа?

Праз некалькі хвілін адбылася нарада між асыстэнт-рэзыдэнтам, начальнікам гарнізону і начальнікам паліцыі. Ван-Дрон расказаў, у чым справа, выказаў свае меркаваньні і паставіў пытаньне, што рабіць далей.

— Ці можам мы думаць напэўна, што гэта той самы? — паставіў ён пытаньне.

— Зразумела! — упэўнена адказаў начальнік паліцыі. — Я нават тады з першага погляду заўважыў, што ў ім нешта такое ёсьць, нібы бандыцкае. Але не адважыўся выказацца, бо ён быў вашым госьцем.

Начальнік гарнізону хоць гэтага не заўважыў, але таксама згаджаўся.

— Мне здаецца, — сказаў ён, — што доўга ламаць галаву тут няма чаго. Тым болей, што і адзнакі падыходзяць. Нам нічога не застаецца, як паслаць за ім атрад. Можа па яго сьлядох натрапім і на гняздо разбойнікаў, асабліва, калі прыняць пад увагу, што ён упэўнены, што нас ашукаў.

Гэты атрад і спаткаў Піп. Дарэмна ён прасіўся, даводзіў, што гэта памылка і г. д.

— Гэта не мая справа, — адказаў афіцэр. — Там разьбяруцца. Я раблю тое, што мне загадана.

І атрад задаволены тым, што ня трэба ісьці далей, вярнуўся назад. Такім чынам, Піп несьвядома адплаціў сваім вызваліцелям, бо калі-б атрад пашоў далей, дык магло быць шмат няпрыемнасьці для інсургентаў нават і тады, калі-б яны і перамаглі салдат.

— Добры дзень, Гейс! — зьвярнуўся ван-Дрон да Піпа, калі яго прывялі ў Тэнанг. — А гэта значыцца Салул? — паказаў ён на Нонга.

Абодва вылупілі вочы, нічога не разумеючы.

 

121