Старонка:Амок (1929).pdf/127

Гэта старонка была вычытаная

— А гэты дык нават нічога агульнага ня мае. У параўнаньні з тым гэта хлопчык.

Прысутныя зірнулі адзін на аднаго, паціскалі плячыма, крыху парадзіліся, і тады сьледчы зрабіў прыемную міну і сказаў:

— Выбачайце, мінгер Піп! Мы ўжо пазналі сваю памылку. Як голяндзец, вы зразумееце, што калі мы на гэта пашлі, значыцца, мелі прычыны.

Сьледчы ўстаў, падышоў да Піпа і паціснуў яму руку.

— Зразумела, вы вольны. Можаш і ты сабе ісьці, — зьвярнуўся ён да Нонга.

— Дазвольце, пан палкоўнік, адно пытаньне! — умяшаўся тубылец-сьведка. — Ці не сустракалі яны там каго-небудзь?

Нонг адразу сьцяміў, куды ідзе справа, і з дурным выглядам затараторыў:

— Мы былі ў бадувісаў. Такі дзіўны народ. Сядзяць у пушчы. Ні з кім ня маюць зносін…

— Пачакай, пачакай! — спыніў яго палкоўнік. — Мы пытаемся, ці ня бачылі вы там якога голяндца? — зьвярнуўся ўжо ён проста да Піпа.

У Нонга закалацілася сэрца… Зараз Піп несьвядома выдасьць свайго дабрадзея!..

— Сустрэў аднаго чалавека, дай бог яму здароўя! — адказаў Піп. — Каб ня ён, дык ня было-б ужо мяне на сьвеце.

Усе прысутныя настаражыліся, як сабакі.

— Як яго завуць? — запытаўся палкоўнік.

— Праўду сказаць, ня ведаю добра, бо сустракаўся з ім два ці тры разы ў дарозе. На параходзе разам прыехалі. Ды потым сустрэўся на ганку ўстановы. І нарэшце там. Здаецца, прозьвішча накшталт ван-Дэйк ці ван-Дэкер. Ведаю толькі, што ён прадстаўнік нейкай фірмы і па даручэньні яе шукае зямлі пад кававыя плянтацыі.

— А як ён выглядзе?

— Майго ўзросту і росту. Чорныя валасы і чорная маленькая бародка.

Палкоўнік пытліва паглядзеў на сьведку. Той паціскаў плячыма і сказаў:

— Ва ўсякім разе гэта варта ўвагі.

— Ці ня бачылі з ім яшчэ якога-небудзь народу, апрача тамашняга насельніцтва? — зноў запыталіся Піпа.

— З ім было яшчэ чатыры чалавекі слуг, якія складалі экспэдыцыю па адшуканьні зямлі?

— Ну, а ты што бачыў? — зьвярнуўся тады сьледчы да Нонга.

— Тое самае, бо заўсёды быў разам з туанам, — адказаў Нонг.

— Ну, дык яшчэ раз выбачайце! — сказаў палкоўнік і разьвітаўся з Піпам.

 

123