Старонка:Амок (1929).pdf/131

Гэта старонка была вычытаная

I. СКАЛЫ „ЛАСТАУКІНЫХ ГНЁЗДАЎ“.

Паўднёвы бераг Явы. — „Саардам“ пад кіраўніцтвам босага капітана. — Прыяцелі ці ворагі? — Абсьледваньне фіёрду. — Далікатная сустрэча з ангельскім дрэдноутам. — З караблём праз бар‘ер. — Пад аховай птушак. — Выгрузка зброі. — Гібель Гоно.

Паўднёвы бераг Явы значна вышэй за паўночны і стромка спускаецца ў Індыйскі акіян. На ўсім сваім працягу, блізка 1000 кілёмэтраў, — ён няпрыступны, і на ім няма прыморскіх гарадоў. Толькі ў адным месцы, прыблізна пасярэдзіне, мясцовасьць зьніжаецца, і там знаходзіцца невялікі порт Тжыладжап, да якога нават пракладзена чыгунка. Але і порт, і чыгунка ня маюць вялікага значэньня, бо, па-першае, мясцовасьць надта нездаровая, а па-другое, з гэтага боку на Яву не заходзяць караблі. Усе зносіны з Явай адбываюцца з паўночнага берагу, а паўднёвы ўпіраецца ў бязьлюдны Індыйскі акіян, дзе, апрача дзікіх выспаў, нічога няма. Нават караблі з Аўстраліі, якая ляжыць на паўднёвы ўсход ад Явы, — ідуць да яе з паўночнага боку, у Сурабаю або Батавію.

Галоўны чыгуначны шлях, які пераразае Яву з захаду на ўсход, у некаторых мясцох ідзе зусім блізка ад Індыйскага акіяну, але да самага берагу не даходзіць. Нават некалькі спэцыяльных чыгуначных ліній, праведзеных ад галоўнай лініі проста на поўдзень, — спыняюцца за 10-20 кілёмэтраў ад берагу. Ужо гэта адно сьведчыць аб тым, які характар мае гэты бераг.

Усе галоўныя горы Явы знаходзяцца на паўднёвым беразе, згуртаваліся тут беспарадачным натоўпам, і адразу спыніліся, нібы баючыся ступіць далей у глыбіню акіяну. А ззаду іх другія горы, яны налазяць адна на адну, нібы хочуць праз галовы адна другой глянуць у сінія воды. Шмат розных невядомых куткоў, шчылін, цясьнін, пячораў і дзірак захоўваюць у сабе гэтыя крушні гор —

 

127