Старонка:Амок (1929).pdf/132

Гэта старонка была вычытаная

скал. І ўсюды, дзе хоць як-небудзь можна зачапіцца, — усюды ўціснулася пышная расьліннасьць гэтай пышнай краіны. А над усім гэтым там-сям дымяцца вульканы, нібы фабрыкі і заводы невядомага падземнага царства.

Шмат прытульных закавулкаў ствараюць стромкія скалістыя берагі, але на працягу дзесяткаў кілёмэтраў ня сустрэць людзей, бо гэтыя прыгожыя і прытульныя закавулкі ня маюць ані кроку зямлі, дзе-б чалавек мог жыць. І тыя рэдкія людзі, што пасяліліся наверсе, на беразе, фактычна знаходзяцца далей ад мора, чымся іншыя з тых, хто жыве далёка. Яны могуць ува-ўсю цешыцца і пазіраць на веліч акіяну, але каб даступіцца да яго, павінны былі-б абсталяваць экспэдыцыю.

Ды і ззаду, з зямлі, даступіцца да іх цяжка. Хаос гор, скал і пушчаў абараняе іх ад гасьцей ня горш, чымся няпрыступныя берагі. Нездарма шляхі спыняюцца, не даходзячы некалькі кілёмэтраў да берагу. Зразумела, каб вельмі трэба было, іх можна было-б працягнуць да мора, не зважаючы на ўсе перашкоды. Але пакуль што ня варта, бо няма экономічнай выгады ад гэтага.

Апрача таго, бераг мае яшчэ абарону ў выглядзе шэрагу падводных і надводных скал-рыфаў. Яны цягнуцца ўздоўж берагу на сотні кілёмэтраў і затрымліваюць чалавека нават і там, дзе бераг згадзіўся-б падпусьціць яго. Яны нават мора ня хочуць падпусьціць; вось чаму паміж імі заўсёды ідзе барацьба, вось чаму між рыфаў заўсёды бурліць, шуміць і пеніцца вада. Нібы белая стужка атачае бераг з захаду на ўсход.

Зразумела, на тысячакілёмэтравым працягу знойдуцца і яшчэ месцы (апрача вышэйпамянёнага Тжыладжапа), дзе ёсьць голяндзкія адміністрацыйныя ўстановы, галоўным чынам, вайсковая варта. Але іх нядужа ды толькі ў такіх мясцох, дзе больш-менш можна спыніцца ля берагу. Рэшта-ж вартуецца рыфамі і скаламі. А з якім посьпехам яны выконваюць гэты абавязак, можна бачыць з таго, што нават контрабандыстыя і тыя ўхіляюцца гэтага берагу.

У адным з такіх месц і знаходзяцца тыя «Скалы ластаўкіных гнёздаў», аб якіх казалі Гейс і Салул.

Калі «Саардам» вышаў у Індыйскі акіян, адразу паўстала пытаньне, куды дзецца і што рабіць далей? Нарада адбылася агульная, тут-жа на палубе. Каманда цяпер складалася ўжо больш як з сотні чалавек, ды якіх яшчэ! Кожны з іх ведаў напамяць калі ня ўсё мора вакол Явы, дык прынамсі пэўнае месца. А ўсе яны складалі такую каманду, якой ня мог пахваліцца ніводзін іншы карабель. А сярод іх найбольш спрактыкаваны быў стары Гудас, які неяк мімаволі, нават бяз выбараў, зрабіўся капітанам карабля. Шмат мінгераў пазелянелі-б ад злосьці і абурэньня, каб убачылі, што капітанам дзяржаўнага ваеннага карабля зьяўляецца гэты худы,

 

128