Старонка:Амок (1929).pdf/134

Гэта старонка была вычытаная

— Там ўбачым. Ідзем на ўсход, — загадаў Гудас. — Заўтра ўвечары павінны быць там. Шкада толькі, што прыдзецца паліць вугаль, бо паўднёва-ўсходні пасат[1] перашкаджае.

Надвор’е было добрае. Роўны ветрык дзьмуў насустрэч. Акіян мерна калыхаўся. У чорнай вадзе адбіваліся зоркі. На небе зьзяў прыгожы «Паўднёвы крыж[2]». Усё навокал было так ціха і мірна, што нашы паўстанцы гатовы былі зусім забыцца, у якіх умовах яны знаходзяцца. Пасьля ўсёй тэй напружнасьці, якую яны перажылі, яны адчулі вялікую стому і моцна заснулі. Толькі Гудас і старнавы засталіся на палубе. Гудас сьвядома адпусьціў усіх спаць, бо ў дарозе нічога асаблівага нельга было чакаць. Глыбокі акіян ня меў тут ні вастравоў, ні скал. А самае галоўнае, — у гэтай частцы Індыйскага акіяну не праходзіць ні адзін морскі шлях і на няпрыемную сустрэчу з якім-небудзь караблём нельга было спадзявацца.

Нават калі настаў дзень, людзі не сьпяшаліся ўставаць, памятаючы, што трэба запасацца сіламі на блізкае будучае. Спакойна прайшоў і дзень; нідзе аніводнага судна ня бачылі. Зразумела, і ад Явы трымаліся на такой адлегласьці, каб іх ня ўбачылі.

Пад вечар прыпыніліся на тым месцы, супроць якога, па іх меркаваньнях, павінны былі быць «Сталы ластаўкіных гнёздаў».

Але што рабіць далей? Ці можна было рызыкаваць прайсьці ўначы там, дзе нават удзень нельга прайсьці? А ўдзень спыняцца таксама небясьпечна, бо з высокага берагу карабель можна будзе бачыць за паўсотні кілёмэтраў. А калі прыняць пад увагу, што карабель наогул у гэтых мясцох рэч рэдкая, ды яшчэ калі ён будзе старацца падыйсьці да берагу праз рыфы, — дык усё гэта будзе такім здарэньнем, аб якім загамоняць нават і тыя, хто гэтым і зусім ня цікавіцца. Праўда, вартавых пунктаў блізка ня было, ня было і паселішчаў, але на такой адлегласьці, як кілёмэтраў 80 з абодвух бакоў, адкуль можа быць відны карабель, — людзі ўсё-ж такі маглі трапіцца.

Пасьля доўгіх меркаваньняў парашылі адправіць спачатку катэр на разьведку. Ён павінен быў знайсьці і добра абсьледваць праход між рыфамі такім чынам, каб можна было адважыцца сунуцца сярод іх і ўначы. Разам з тым трэба было абсьледваць і бераг, ці няма там каго непатрэбнага.

— Цяпер вызначым, каму ехаць, — сказаў Гудас.

— Я паеду! Я! — пачуліся галасы, у тым ліку і Гоно.

— Пачакайце. Па-першае, трэба паслаць таго, хто ведае гэта месца, і ў кожным разе нельга пасылаць нікога з старой каманды. Калі, напрыклад, што-небудзь здарылася-б, тады можна будзе павярнуць справу так, нібы гэтыя людзі прыбярэжныя тубыльцы

  1. Пасаты — вятры, якія ля экватара ўвесь час дзьмуць з паўднёвага і паўночнага ўсходу.
  2. Сузор’е (згуртаваньне зорак), якое можна бачыць толькі ў паўднёвай палове зямлі.
 

130