Старонка:Амок (1929).pdf/139

Гэта старонка была вычытаная

— Нагэтулькі, мусіць, не. Але пашукаўшы, знайсьці можна будзе. Толькі-б было што хаваць. Напрыклад, тая дзіра, праз якую я прышоў, вельмі добрая, толькі для ўсяго багацьця будзе замалая. А цяпер запрашаю вас у госьці да нас. Начаваць усім у лодцы будзе надта цесна.

— Ахвотнікаў ісьці, або, вярней, лезьці ў госьці знашлося больш, чымся трэба. Прышлося чатырох пакінуць прымусова, а рэшта палезьлі ўгору.

— Як бачыце, мы самі тут і вяроўку даўжэнную зьвілі і нават вузлоў нарабілі, каб лягчэй было лезьці, — тлумачыў гасцінны гаспадар і першы палез уверх.

З тэй прыступачкі ўбок ішла шчыліна, а далей адчыняўся нібы тунэль між наваленых адна на адну скал. Але прабірацца паміж іх ня было аніякай прыемнасьці. Увесь час прыходзілася то каціцца ўніз, то стукаць галавой аб верх, то паўзьці на каменьні; на кожным кроку то адна, то другая нага трапляла паміж каменьняў і рызыкавала калецтвам. Добра яшчэ, што насустрач вышлі таварышы з агнём, а то зусім было-б дрэнна.

— Калі нам прыдзецца тут цягаць наш груз, дык мы яго ўвек не перацягнем, — заўважыў Сідан.

— Нічога. Можна прызвычаіцца, — адказалі гаспадары. — А можа прыдумаем што-небудзь і іншае.

Нарэшце, павылазілі вон, абагнулі некалькі скал, падняліся яшчэ вышэй і апынуліся ля стаянкі. Каля скалы быў пабудованы з гальля шалаш, супроць яго гарэла вогнішча. Пры гэтым яно было разьмяркована так, што сьвяціла толькі на мора, а з бакоў ня было відаць.

Акіян чарнеўся і дыхаў недзе далёка і глыбока. Шум хваляў ледзь даносіўся зьнізу. А ззаду ў дзікім беспарадку грамазьдзіліся горы. Хоць і нельга было разглядзець іх выразна, але неяк адчувалася, што яны нібы лезуць і праціскаюцца да берагу.

— Як вы дабраліся да гэтага месца? — запытаўся Сідан.

— Калі трэба, усюды пройдзеш, — усьміхнуўся таварыш.

— Ці ёсьць блізка людзі? Ці наведваюша сюды голяндзкія сабакі?

— Хоць гэтыя горы і заросшыя, але засяліць іх няма магчымасьці, тым болей, што доступу да мора няма. Дзе-ні-дзе сустракаюцца толькі 2—3 халупкі, куды голяндцы без патрэбы ня соваюцца. Да бліжэйшага больш-менш значнага пункту па простай лініі будзе ня болей 20—30 кілёмэтраў, але каб прайсьці гэты кавалак, патрэбны 3—4 дні.

— Тым лепей, — задаволена сказаў Сідан.

Доўга яшчэ гутарылі таварышы і паляглі толькі перад сьвітаньнем. Але з усходам сонца былі ўжо на нагах.

Пры дзенным сьвятле мясцовасьць рабіла яшчэ больш моцнае ўражаньне. Лёгкі сьвежы ветрык моршчыў цёмна-сінюю паверхню

 

135