Старонка:Амок (1929).pdf/14

Гэта старонка была вычытаная

Зразумела, усе людзі на караблі былі зацікаўлены такім здарэньнем. Яны згуртаваліся на носе і ці сьмяяліся, ці шкадавалі гэтых людзей.

Толькі Салул і яго таварыш Барас быццам нічога ня чулі і ня бачылі. Яны нават і ня зірнулі ў той бок, а заместа гэтага чамусьці спусьцілі ззаду ў ваду два канцы вяроўкі і крэпка іх прывязалі. Ніхто гэтага не заўважыў.

Потым яны аб нечым пагаварылі, і Барас хутка пабег уніз.

«Саардам» тым часам абмінаў лодку.

Раптам патухла электрычнасьць.

— Зноў нешта здарылася?! — загрымеў зьверху голас капітана: — Расстраляю! Зараз-жа паправіць і пакуль што запаліць ліхтары! Каб сьвет быў праз адну хвіліну!

Хоць ліхтарні былі заўсёды падрыхтаваны, але на гэты раз іх чамусьці або ня было на сваім месцы, або яны былі папсаваны.

Паднялася сумяціца. Людзі бегалі на палубе, шукалі, крычалі, запальвалі запалкі, але ніякага толку не было.

Капітан ад зьдзіўленьня і абурэньня нават крычаць ня мог; некалькі хвілін ён стаяў, як скамянелы і ня верыў сваім вачом і вушам.

Як?! На ваенным караблі, уначы, у моры, побач з чужымі людзьмі такі непарадак, цемра, гармідар! Дык за гэта-ж трэба расстраляць усю каманду і яго самога разам з імі!

— Што гэта такое? Тут-жа ж чужыя!! Да зброі! — пачуўся голас лейтэнанта. Але зараз-жа ён адчуў страшэнны ўдар па галаве і зваліўся няпрытомным.

— Нікога тут з чужых няма, — сказаў спакойна Салул, — зараз будзе сьвет.

Але на палубе тым часам пачало тварыцца нешта незразумелае: барацьба, крыкі, тузаніна.

— Здрада! Баранецеся! — зноў пачуліся галасы, — і па ўсім караблі, у цемры, пачалася бойка. Праклёны, грукат барацьбы, злосны рык або сьмяротны хрып. Вось некалькі разоў плюхнулася вада за бартом; невядома толькі, ці па сваёй ахвоце кінуўся ратавацца чалавек, ці яго выкінулі.

Капітан з стырнікам былі адны на сваім мосьціку. Яшчэ пры першым крыку лейтэнанта, капітан выхапіў рэвольвэр і даў сыгнал:

— Трывога! Усе наверх!

Але ніякіх вынікаў яго загад ня меў. Ніхто зьнізу ня прыбег, і барацьба ішла сваім парадкам. Пачуліся некалькі стрэлаў, але толькі некалькі. Капітан адразу сьцяміў, што гэты непарадак можа загубіць іх. Трэба было, чаго-б гэта ні каштавала, сабраць сваіх у адно месца. Ён стрэльнуў з рэвольвэра і крыкнуў:

— Зьбірацца сюды, да мяне!

Ён ужо бачыў, што адбываецца нейкі напад, але хто нападае і колькі іх? Апрача тых чатырох тубыльцаў нікога, здаецца, ня было