— Пад’яжджайце вунь туды і вымерайце глыбіню і шырыню праходу!
Лодка паехала. Пад кіраўніцтвам зьверху пачалі рабіць прамеры. Шырыню праходу зьмералі лёгка; яна была выстарчальнай для карабля. Але глыбіню дасканала зьмераць ня было магчымасьці, бо лодка ў гэтым віры не магла прыпыніцца. Зьмералі прыблізна, вяслом наўскасок.
— Футаў з 8! — крыкнулі зьнізу.
— Дрэнна! — нахмурыўся Сідан. — А карабель сядзіць на 13. У якім стане зараз прыліў?
— Ды якраз цяпер самы адліў, — адказаў Сурат. — Прыліў павінен быць пасьля паўдня. Значыцца, наступны — пасьля поўначы. Вы самі прыехалі ў часе прыліву.
— Ці высока ён падымаецца?
— Ды ўчора, напрыклад, зусім схавалася вунь тая скала.
Сідан зірнуў на яе і павесялеў: скала выглядала досыць высокай.
— Хлопцы! Прыкіньце там вышыню вунь тэй скалы! — зноў крыкнуў ён уніз.
— Футаў з 10! — адказалі зьнізу.
Сідан з задавальненьнем пацёр рукі. Гэта, значыцца, разам дасьць 18 футаў!
Потым прасачылі глыбіню ў іншых мясцох, па дарозе ў фіёрд. Зьмералі адлегласьць ад бар’еру да прыбярэжнай сьцяны, каб паглядзець, ці зможа карабель павярнуць убок. Гэты вынік быў ня вельмі здавальняючы: адлегласьць мала перавышала даўжыню карабля; значышца, ня вельмі тут разгорнешся.
— Ну, што-ж? — сказаў адзін з таварышоў. — Нічога ня зробіш. Прыдзецца браць крыху наўскос, ды, апрача таго, цягнуць канатамі. Вунь за тую ды за тую скалу можна будзе іх зачапіць.
Такім чыным абмеркавалі ўсе магчымасьці, падрыхтаваліся і сталі чакаць вечара. А гадзіне першай, ці другой надышоў прыліў і сапраўды заліў тую скалу. Значыцца, з гэтага боку ўсё было добра.
А тымчасам таварышы ляглі спаць, каб падмацаваць сябе да рашучай ночы.
Пад вечар лодка выехала ў мора. Прайшло поўгадзіны, гадзіна, а наперадзе нікога ня было. Яшчэ гадзіна прайшла, зрабілася ўжо зусім цёмна, але ні карабля, ні катэра нідзе ня было…
Рукі з вёсламі самі апусьціліся, лодка спынілася.
— Зброя! Столькі зброі загінула! — прастагнаў Сідан і тая-ж самая думка адбілася ў сэрцы яго таварышоў.
І толькі пасьля гэтага падумалі яны аб лёсе і тых, што былі на караблі…
137