Старонка:Амок (1929).pdf/153

Гэта старонка не была вычытаная

нібы чэрві, капошыцца народ. Толькі нанач хаваюцца яны ў свае шчыліны, а ўдзень усё дамовае жыцьцё адбываецца пад адкрытым небам. Ня відаць ні магазынаў, ні майстэрняў, бо няма каму прадаваць і рабіць рэчаў. Жывуць усе гэтыя людзі толькі бананамі ды жменяю рысу, што каштуе таней таннага.

Але далей, як належыць, ёсьць панскі квартал. Гейс і Салул выехалі на вялікую плошчу, вакол якой стаяць два готэлі, голяндзкая кірха, клюб, магазыны і дамы голяндцаў. Сюды-ж падыходзіць і сьцяна імпэратарскага кратону, а насупроць яго, як і ў Джоджакарце, крэпасьць «малодшага брата».

На плошчы ім трапілася ўрачыстая процэсія, якая накіроўвалася ад палацу ў рэзыдэнтаў кратон. Павольна, сур’ёзна, па два чалавекі ў рад, рухалася некалькі дзесяткаў чалавек, у рознакаляровых каўпакох з рыбінага пузыра, у яскравых саронгах і шараварах, з крывымі крысамі за сьпіною. У паднятых над галавою руках яны несьлі залатыя і срэбныя блюды, міскі з пакрыўкамі. Наперадзе ішоў важны чалавек і строгімі рухамі адганяў у бок сустрэчных людзей, а з бакоў процэсіі спэцыяльныя асобы трымалі над гэтым начыньнем жоўтыя шоўкавыя пайёнгі, якія зьяўляліся выключна імпэратарскімі адзнакамі. Наогул, па гэтых пайёнгах на Яве можна пазнаць стан чалавека, бо кожнаму чыну належыць пайёнг спэцыяльнага колеру.

— Абед сусухунану нясуць, — прамовіў хурман, паказваючы на процэсію.

Гэты звычай мае сваю цікавую гісторыю. Як і ў кожным добрым царскім палацы, у Суракарце таксама бываюць інтрыгі, змовы, забойствы. І вось калісьці аднаго такога імпэратара блізкія людзі атруцілі. Наступнік, баючыся такога самага лёсу, папрасіў у рэзыдэнта, каб ён дазволіў гатаваць стравы ў рэзыдэнцкай кухні. Рэзыдэнт ахвотна згадзіўся, і з таго часу ўсе сусухунаны гатуюць страву ў рэзыдэнта. Самі голяндцы гэтага жадалі: хоць і кухонная, а ўсё-ж такі політыка, усё-ткі народ бачыць, што іхны пар просіць ласкі ў голяндцаў.

Праз некалькі крокаў ля аднаго дому ўбачылі звычайнага, па-эўропэйску ўбранага голяндца, над якім таксама пойёнганосец нёс парасон.

Тут ужо і Гейс зьдзівіўся.

— Глянь, які «адзіпані» знашоўся! — зьвярнуўся ён да Салула.

— Ды тут яны ўсе так робяць, — адказаў той. — Чым-жа ж яны горш ад тутэйшых паноў? Сама ўлада разьмеркавала паміж іх пайёнгі адпаведна чыну і стану кожнага.

Прыехалі ў готэль.

— Калі ласка, дайце мне такі пакой, каб побач быў другі пакойчык для майго слугі, — сказаў Гейс гаспадару, сухарляваму, рухляваму голяндцу.

 

149