Старонка:Амок (1929).pdf/154

Гэта старонка не была вычытаная

— Ці доўга будзеце ў нас?

— Некалькі тыдняў, але часта буду адсутнічаць па некалькі дзён, бо мае справы патрабуюць выездаў з гораду. Дарэчы, можа і вы, як тутэйшы, ведаеце, у якім раёне лягчэй будзе заарандаваць зямлі пад плянтацыі для вялікай голяндзкай фірмы? Вашы паслугі не застануцца без узнагароды.

— Пастараюся, пастараюся, шаноўны пане! — яшчэ ласкавей замітусіўся гаспадар.

Пад вечар Гейс вышаў на вуліцу. На некалькі крокаў за ім пакорна ішоў яго «слуга» і нёс «панскае» паліто.

Недалёка ад готэлю яны спыніліся ля адных дзьвярэй, над якімі была шыльда: школа.

Азірнуўшыся яны ўвайшлі ў гэтыя дзьверы.

Настаўнік-яваец Пандо быў свой чалавек і зьяўляўся галоўным зьвяном для сувязі ў рэволюцыйнай працы. З вялікай радасьцю сустрэў ён гасьцей, адвёў іх у далейшы пакой, пазачыняў усе дзьверы і вокны і, вярнуўшыся да таварышоў, пачаў распытвацца, як стаяць справы.

З захапленьнем праслухаў ён, як быў захоплены «Саардам», адведзены пад «Скалы ластаўкіных гнёздаў», як ужо выгружаюць зброю, ды яшчэ колькі! Якая база створана ў Бантаме і г. д.

— Ну, а цяпер раскажы, што ў вас тут робіцца? — скончыў Салул.

— Патрохі варушымся, — адказаў Пандо, — але надта павольна. Вельмі ўжо цёмны і забіты народ у нас. І самая горшая бяда, што ўлада «свая». У вас прынамсі бачаць чужынцаў, незапрашаных гаспадароў, супроць якіх нават ня трэба падбухторваць народ. А тут, бачце, жыцьцё «незалежнае», свае ўласныя сусухунаны, адзіпаці і розныя чэрці, якія існуюць у працягу стагодзьдзяў. І калі яны самі ня скардзяцца на голяндцаў, дык хто-ж тады пойдзе наперадзе іх? А растлумачыць, што трэба ісьці супроць сваіх — вельмі цяжка.

— Тады трэба ісьці пад лёзунгам «супроць чужых», — сказаў Гейс. — Ёсьць-жа ж у вас досыць гэтых чужых прадпрыемцаў?

— Так мы і робім. Калі што яшчэ зроблена, дык галоўным чынам пад гэтым лёзунгам. Але гэта магчыма толькі там, дзе досыць яскрава выяўляецца прыгнечаньне з боку белых. Часьцей-жа яны хаваюцца за сьпіну мясцовай улады. Ва ўсякім разе, організаваных таварышоў знойдзецца чалавек 400, але яны вельмі раскіданы, і сувязь паміж іх падтрымліваць вельмі цяжка. Ну, вядома, калі пачаць, дык за імі пойдзе шмат тысяч.

— Ну, а з мясцовай улады, ці няма незадаволеных існуючым становішчам? — запытаўся Салул.

— Вядома ёсьць, асабліва сярод вышэйшых. Можна быць упэўненым, што і сам сусухунан ня вельмі задаволены сваім стано-

 

150