Старонка:Амок (1929).pdf/156

Гэта старонка не была вычытаная

Толькі пад вечар падышлі да вулькану і спыніліся ля яго на начлег. Вулькан быў нявысокі, але затое вельмі шырокі. Уласна кажучы, гэта было нібы вульканічнае гняздо. Складалася яно прынамсі з шасьці вульканаў, з якіх дзейнічаў толькі адзін. Рэшта даўно ўжо патухла.

— Выгляд іх падае надзею на посьпех, — казаў Сурат. — Вельмі ўжо дзіка яны раскіданы. Вунь колькі таемных цясьнін!

Калі сьцямнелася, падарожнікі маглі палюбавацца зарывам, нібы ад пажару.

— А ўсё-ж такі я лічу, што такое месца ня вельмі падыходзіць для складу ваенных запасаў, — са сьмехам сказаў Сідан. — Я думаю, што яшчэ нікому ў сьвеце ня прыходзіла ў голаву шукаць месца для пораху ў вулькане.

— Затое ня прыдзе нікому ў галаву і шукаць яе там, — заўважыў другі.

— Зарана мяркуеце, — сказаў трэці. — Невядома яшчэ, ці знойдзем што добрае.

Назаўтра падняліся на галоўны вулькан. Але ня так лёгка было гэта зрабіць, як сказаць. Патрабавалася чатыры гадзіны, пакуль яны праціснуліся праз пушчы, пералезьлі праз скалы і цясьніны ды ўзышлі наверх. Затое атрымалі і добрую ўзнагароду для вачэй і ўражаньня.

Кратэр вулькану зьяўляўся возерам на кілёмэтр навакол. У гэтым возеры, нібы ў чугуне, кіпела лява. У адным месцы яна была пакрыта цьвёрдай карой, нібы лёдам, у другім — лёгка, павольна кіпела і пукала, як каша. Пры гэтым кожны раз уздымаўся слуп пары і газу.

Вось вецер падзьмуў з другога боку, і падарожнікаў ледзь не асмаліла. У дадатак пачуўся яшчэ шкодны серкавы пах.

Усе пакаціліся ўніз.

— Ого! Кепскія жарты! — закрычалі яны.

— Гэтак ён калі-небудзь нас зусім загубіць, калі мы прытулімся да яго. Ён-жа ж можа і заліць нас сваёй кашай.

— Будзем спадзявацца, што ён устрымаецца некалькі тыдняў, а там мы і самі пакінем яго. Ды і наогул, такія вульканы вельмі рэдка выліваюцца.

Трэба дадаць, што гэткія вульканы сапраўды дзейнічаюць спакайней. Звычайна яны ня грукочуць, ня руйнуюць. Пакіпяць сабе паціху — і ўсё. Такімі вульканамі асабліва славяцца Гавайскія выспы ў Ціхім акіяне. Зразумела, гэта ня значыць, што яны ніколі ня могуць нарабіць бяды. У гэтым самым гнязьдзе раней, відаць, адбываліся вялікія і грозныя падзеі.

— Прымаймася, таварышы, за працу! — загадаў Сідан.

Трэба сказаць, што праца аказалася надта цяжкою. Усё гэтае гняздо мела, прынамсі, 10 кілёмэтраў удаўжкі і ўшыркі, а гэта складала 100 квадратовых кілёмэтраў плошчы, якую трэба было абсьлед-

 

152