Старонка:Амок (1929).pdf/161

Гэта старонка не была вычытаная

З першай партыяй зброі прыступілі да зьнішчэньня зьмеяў. Але зараз-жа выявілася, што і гэта ня так проста. Калі кінуць у іх бомбы, дык можна разбурыць сьцены падзямельля.

— Пусьцім на іх атрутны газ, у нас ёсьць на караблі, — прапанаваў адзін з старых матросаў «Саардаму».

Гэта думка вельмі падабалася, але другі таварыш, які стаяў бліжэй да гэтай справы, папярэдзіў, што газ у гэтым падзямельлі будзе трымацца некалькі тыдняў, калі ня болей. Значыцца, і яны самі ня змогуць уваходзіць сюды.

— Тады нічога іншага не застаецца, як ісьці на іх вайной з вінтоўкамі, — парашыў Сідан.

— Вельмі небясьпечная справа, — паківаў галавой Сурат. — Дзе ты іх трапіш якраз у галаву, а параненыя ў другое месца, яны стануць яшчэ больш небясьпечнымі. Тым болей, што іх такая плойма: страляць у іх прыдзецца здалёк, а тады асьвятліць іх нельга будзе як сьлед і г. д.

Разважаньні Сурата таксама мелі рацыю. Але нічога больш не заставалася рабіць.

Тут адзін з таварышоў прапанаваў новы спосаб.

— Ахвяруем вядро, ці два бэнзіны, абліем іх, падпалім, — і будзе проста, карысна і цікава.

Прысутныя аж заскакалі і рукамі запляскалі ад задавальненьня.

— Гэта-ж будзе найлепшы «вайянг[1]»!

У наступны раз і прыступілі да выкананьня гэтага пляну. Спачатку, без агню, два таварышы прайшлі наперад з няпоўнымі вёдрамі бэнзіны. За імі некалькі таварышоў з вінтоўкамі, а ўжо далей запалілі факелы. Нельга было набліжацца з агнём да бэнзіны, таму пярэднія таварышы былі ў змроку, а зьмеі ўжо зусім у цемры.

Вось ужо зноў пачулася шуршэньне і сіпеньне, ледзь значна захісталіся ў цемры галовы. Справа спрашчалася тым, што зьмеі былі ў нізіне. Спачатку ціхенька сталі ліць бэнзін на зямлю, і яна сама пацякла да зьмеяў. А рэшту паюхнулі на іх зьверху, і хутка пабеглі назад.

Заварушыліся гады, засіпелі так, што ў прысутных дрыжыкі пашлі па целе.

— Пачынай!

Усе адышліся яшчэ болей назад, а наперад выступіў адзін з факелам, размахаў яго і кінуў…

Шуганула полымя, заблішчалі шкляныя сьцены, асьвятліліся ўсе куткі падзямельля, і сярод гэтага агню пачалося нешта такое, што нават і ўявіць сабе цяжка. З захапленьнем наглядалі таварышы гэта нязвычайнае зьявішча.

  1. Народны тэатр, батлейка.
 

157