Старонка:Амок (1929).pdf/162

Гэта старонка не была вычытаная

Сярод белага полымя чорныя кольцы зьмеяў стварылі вялізны клубок, які круціўся так, што ў вачох мільгала. Некаторыя высока падскоквалі і віліся ў паветры, другія кідаліся на сьцены.

Сіпеньне перайшло ў сьвіст і нават піск. Час ад часу чулася, як трэскае скура, скварыцца мяса. Вось разьбегліся яны ў розныя бакі і здалёк відаць, як у цемры круцяцца вогненныя зьмеі. Некалькі такіх вогненных зьмеяў кінуліся і ў бок людзей, але цяпер яны ўжо былі ня страшны. Некалькі сканалі па дарозе, а дзьвюх прыстрэлілі.

Нават пашкадавалі, што нарэшце ўсё гэта так хутка скончылася.

— Ну, а цяпер скончым абсьледваньне нашага палацу, — сказаў Сідан.

З агідным пачуцьцём перайшлі праз зьмяіную кучу, па дарозе забілі некалькі зьмеяў, якія не згарэлі, абгледзелі яшчэ некалькі завулкаў, а канца падзямельлю ўсё яшчэ ня было.

— Ліха яго ведае, куды яно вядзе, — гутарылі таварышы. — Можа некалькі дзён прыдзецца блытацца.

А тут яшчэ факелы згарэлі.

Прышлося вярнуцца назад, бо ня было часу гэтым займацца: чакала больш важная праца. І сапраўды, праца гэта была вельмі марудная, ня кажучы ўжо аб тым, што вельмі цяжкая. Прапрацавалі тыдзень, а перанесьлі толькі 1.500 вінтовак. Выходзіла так, нібы для пераноскі ўсіх 30.000 патрэбна будзе больш 4-х месяцаў. Ды апрача гэтага, трэба перанесьці кулямёты, патроны і г. д.

Узяліся за падлікі і ўбачылі, што пры сучасных умовах іначай і быць ня можа. Перш за ўсё дзень у гэтых краёх мае заўсёды 12 гадзін і столькі-ж прыпадае на ноч. Можна было-б для працы захапіць яшчэ гадзін 6 ад ночы, але сярод гэтых скал і пушчаў зусім немагчыма хадзіць уначы. Такім чынам, гінула шмат часу. Хада туды з цяжарам займала гадзін 9-10 і зараз-жа назад ісьці было немагчыма, бо надыходзіла ноч. Назад, бяз грузу, можна было прысьці за гадзін 7-8, але таксама ў гэты-ж дзень нельга было несьці новы груз.

Па дарозе прыходзілася ісьці па скалах, пераходзіць цясьніны, паўзьці, скакаць і г. д. Пры такіх умовах за раз больш як 5 вінтовак нельга было несьці чалавеку. Значыцца, 100 чалавек маглі перанесьці 500 вінтовак у 2 дні, а каб перанесьці 30.000 вінтовак трэба 120 дзён. Ды столькі-ж на патроны, кулямёты і розныя іншыя рэчы.

— Дык вось што выходзіць?! — дзівіўся стары Гудас. — А справа здавалася такой простай. Нас-жа 117 чалавек.

— А вось бачыш, што робіцца. Мы нават самі не ўяўлялі сабе, якое багацьце мы маем, — казаў Сагур, які, як памочнік мэханіка, зьяўляўся самым адукаваным з усёй каманды. Ён і разьлікі гэтыя рабіў.

 

158