Старонка:Амок (1929).pdf/169

Гэта старонка не была вычытаная

ліся ўсе 100 чалавек, з жэрдкамі, вязкамі гальля. Гэтыя вялізныя вязкі і абаранілі карабель ад двух вельмі небясьпечных штуршкоў. І вось карабель шчасьліва выскачыў у акіян.

Пачалося шчырае разьвітаньне, палкія пажаданьні.

— Трымайцеся, таварышы! — казаў Гудас. — Калі прыдзе час, да вас прышлюць за зброяй. Дзе трэба будзе, прыдзём на дапамогу і мы.

Праз некалькі хвілін сто чалавек вярнуліся на бераг і з нейкім нявыразным сумам сачылі, як іхны карабель зьнікае ў блакітным прасторы.

Што яго там чакае? А што чакае іх тут? Ці сустрэнуцца яны калі-небудзь? Неяк апусьцела навакол, нібы яны страцілі свой дом.

А ў гэты час з другога боку, далёка-далёка на небасхіле, ледзь-ледзь вызначаўся маленечкі слупок дыму…


IV. У ДЗЯРЖАВЕ ІМПЭРАТАРА ПАКУ-БУВОНО-СЭНОПАЦІ-ІНГНАГОЛОГО-НГАБДУР-РАХМАН-САЙДЫН-ПАНОТОГАМО.

Яго вялікасьць ня мае грошай. — Запасны імпэратар. — Узаемаадносіны „братоў“. — Царскае сьвяткаваньне. — Бойка зьвяроў. — Яснавяльможныя рэволюцыянэры. — Адказная паездка.

Яго вялікасьць сусухунан Паку-Бувоно… і г. д. сядзеў у сваім пакоі і разглядаў альбом з ордэнамі і мэдалямі ўсяго сьвету. Сусухунан вельмі любіў гэтыя цацкі і вывучыў напамяць усе мэдалі і пачэсныя знакі, якія толькі існуюць на сьвеце. Нават і цяпер на ім было паначапляна шмат ордэнаў, у тым ліку нядаўна атрыманы ордэн Нідэрляндзкага льва.

Імпэратар меў гадоў пяцьдзесят з гакам, але па выгляду нельга было даць яму столькі, бо намалёваныя тушшу барада, вусы і бровы чарнеліся, бы ў маладога. Убраны ён быў у пярэстыя шаравары, саронг, паверх якога была яшчэ накінута чорная аксамітная куртка. На босых нагах — пантофлі з дыямэнтамі, на галаве — высокая чорная шапка, якую насілі яшчэ португальцы 300 год назад.

Пакой быў убраны старажытнаю явайскаю мэбляю, дыванамі, зброяй, а побач з гэтым — эўропэйскія столікі, крэслы, парыскія статуйкі і г. д.

Ціхенька адчыніліся дзьверы, і ў пакой, з адзнакамі вялікай пашаны, упоўз важны стары муж.

— Хай бароніць Аллах вялікага сусухунана!

— Што скажаш, Радан-Бого?

 

163