Старонка:Амок (1929).pdf/17

Старонка праверана

Яны маглі-б перагаварвацца праз слухавую трубу, якая ідзе з машыннага аддзяленьня да капітанскай будкі, але цяпер ня было каму з імі размаўляць.

Тады яны пачалі стукаць і ламаць сілком люкі, але гэта была безнадзейная справа. Апрача таго, яны добра ведалі, што там наверсе хапіла-б і двух чалавек, каб справіцца з усімі імі, калі-б яны пачалі высоўваць галовы праз люкі. Гак яны і прымушаны былі чакаць, пакуль іх лёс вырашаць там наверсе.

Больш паловы з іх былі тубыльцы. Яны мелі асобнае ад голяндцаў памяшканьне і заўсёды адчувалі сябе людзьмі «другога гатунку». Але яны былі так выхаваны і так прызвычаены да свайго становішча, што рэдка каму магла прыйсьці думка, што гэта несправядліва. І ўсё-ж такі ў такім нязвычайным становішчы голяндцы ня былі ўпэўнены, што іх «таварышы» будуць іх абараняць.

Тым часам на палубе Салул казаў матросам:

— Вы самі добра ведаеце, што абараняцца вы ня можаце, і зброі ў вас амаль зусім няма, і саміх вас менш чым нас. Здавайцеся хутчэй.

Справа была нагэтулькі ясная, што даводзіць доўга ня прышлося. Тубыльцы і самі хацелі так скончыць справу; толькі страх перад белымі прымушаў іх чакаць, пакуль тыя пачнуць першыя.

Праз хвіліну ўсё было скончана. Здаўшыхся адвялі ў бок і прыставілі варту.

Заставалася палова каманды ўнізе.

Салул падняўся на масток і зьвярнуўся да іх праз трубу:

— Карабель у руках явайскага народу. Каманда на палубе здалася і абязброена. Капітан ранены і патрабуе лекарскай дапамогі. Супраціўленьне з вашага боку немагчыма. Прапануецца вам здацца.

Там сярод голяндцаў, асабліва гарачыўся адзін малады дзяцюк, Мічман ван-Хорк[1]. Ён так і палаў жаданьнем пачаць бойку з «разбойнікамі».

Ён чытаў шмат кніжок, дзе голяндцы заўсёды былі героямі, заўсёды ўсіх перамагалі, асабліва розных там дзікуноў і піратаў. Ён і сам марыў аб такім геройстве, колькі разоў шкадаваў, што яму ні разу ня прыходзілася сустракацца з імі і нават гэтага не прадбачылася, бо ўсё навакол было так спакойна, будзённа і звычайна.

Урэшце, такая хвіліна наступіла, але — на табе: нават выкарыстаць яе нельга, сядзі тут і чакай нямаведама чаго.

За адсутнасьцю больш вышэйшага начальства, якое засталося наверсе, мічман ван-Хорк тут быў галоўным камандзірам. Ён ужо ўяўляў сабе, як са сваімі вернымі салдатамі ён вызваліць карабель, як праславіцца ня толькі на ўсю Голяндыю, але нават і на ўвесь сьвет.


  1. Прыстаўка „ван“, як нямецкае „фон“ служыць адзнакай шляхецкага пахаджэньня.
 

15