сваёй уладай, як і явайскі, і калі гэтая ўлада аслабее тут, дык аслабее і там, і тады, значыцца, у Голяндыі лягчэй будзе скінуць яе.
Гэты довад для іх ужо быў больш зразумелым. А самым галоўным довадам быў сам Пандо, якога яны добра ведалі і якому давяралі. Пасьля некалькіх паасобных сустрэч, цяпер яны першы раз былі ўсе разам.
Гейс адчуваў сябе неяк няёмка сярод гэтых зусім чужых людзей, але трэба было паспробваць выкарыстаць і такіх «рэволюцыянэраў». У такой забітай і цёмнай краіне можа знайсьціся шмат людзей, якія ахватней пойдуць за сваімі панамі, чымся за сапраўднымі рэволюцыянэрамі.
Зразумела, абгаварваць свае справы тут ня прыходзілася. Дзеля гэтага вызначылі другое месца і час. Цяпер перакінуліся толькі некалькімі словамі і сачылі за бойкай зьвяроў з няменшым захапленьнем, чымся і ўсе прысутныя.
Тыгр падкрадваўся. Буйвал паварочваўся за ім, увесь час трымаючы напагатове свае рогі. Вось ужо тыгр падрыхтаваўся да апошняга падскоку. Але буйвал папярэдзіў і кінуўся на яго сам першы.
Тыгр гэтага зусім не чакаў і ледзь пасьпеў адскочыць у бок.
Народ весела зарагатаў. Спачуцьцё людзей усё-ж такі было на баку буйвала.
— Маладзец, «кербаў»! Трымайся! Задай яму перцу! — падахвочвалі буйвала з усіх бакоў.
Вочы буйвала наліліся крывёю, з храпы ішла пара, нават пена паказалася з рота ад напружаньня. Ён ужо сам імкнуўся перайсьці ў наступ. Тыгра-ж, наадварот, яшчэ болей сьціснуўся і туляўся.
І вось раптам публіка ўбачыла тыгра ў паветры. Ён ляцеў наўскасок, проста на карак буйвалу. Але той матнуў галавой і… памог тыгру пераляцець на другі бок. З карка быў вырваны кавалак скуры, а тыгр параніў аб рогі нагу.
Але зараз-жа, з нязвычайнай хуткасьцю, нібы ў паветры яшчэ, тыгр завярнуўся назад і апынуўся ў буйвала на карку.
Сусухунан яшчэ пасунуўся наперад, а за ім, не адводзячы вачэй ад сцэны, і рэзыдэнт…
Жудасны роў вырваўся з грудзей буйвала.
Але ў адзін міг ён зваліўся на бок і прышчаміў ніжнюю палову тыграва тулава да кратаў.
Пачуўся хруст. Гэта пакрышыліся косьці тыгра.
Але галава і пярэднія лапы яшчэ рабілі сваю справу…
Буйвал закідваў назад галаву, каб зачапіць ворага рогам. Гэта яму слаба ўдавалася, але і тыгр паступова слабеў і сьцішаўся.
Нарэшце, тыгр сканаў, а буйвал хоць і быў яшчэ жывы, але ўжо ня
устаў…
170