Старонка:Амок (1929).pdf/178

Гэта старонка не была вычытаная

— А ці-ж ты гэтага сам ня ведаў? — адказаў Пандо. — Іх-жа ж мэта нам добра вядома: скінуць голяндзкую ўладу і адрадзіць ранейшую дэспотычную дзяржаву, дзе народу жылося-б нават горш, чымся цяпер. Гэты самы Радан-Бого абсталяваўся ў сябе дома, як маленькі сусухананчык: таксама поўзаюць перад ім слугі, таксама падносяць плявальніцы. Адна толькі розьніца: прыдворная чэлядзь разбэшчана, нічога ня робіць і жыве паразытамі, а Радан-Бого сьсе з сваіх слуг апошнія сокі. А аб паўстаньні ён думае таму, што ня можа забыцца аб ранейшай магутнай Матарамскай імпэрыі, дзе ён быў-бы яшчэ большай шышкай. Але-ж ты гэта і сам добра ведаеш.

— Ведаю, але сумняваюся, ці могуць яны мець якую-небудзь рэальную сілу. Можа ня варта з імі і зьвязвацца.

— Гэтага не кажы. Сіла ў іх можа быць, толькі неогранізаваная. А калі, напрыклад, усе муллы разам узьнімуць агітацыю пад лёзунгам незалежнасьці, дык змогуць падняць больш народу, чымся нават мы. Гэта табе не Эўропа.

Праз дзень у Радан-Бого адбылася нарада з удзелам Гейса, Пандо, і чалавек восем главароў з партыі Радан-Бого…

А яшчэ праз два дні да Пандо зьявіўся пасланец ад Салула. На кілёмэтраў пятнаццаць ад Соло, у лесе, у руінах старажытнай царквы заўтра павінны былі сабрацца актыўнейшыя рэволюцыянэры з усёй Суракарты. Пасланец павінен быў правесьці туды Гейса і Пандо.

Паўстала пытаньне, якім чынам прайсьці туды Гейсу? Ці неўзаметкі, ці адкрыта, у якасьці «пана». Панам быць у даным выпадку было вельмі нязручна, бо ў дарозе будуць зьвяртаць на яго большую, чымся трэба, увагу. Але і цішком, пешшу, таксама немагчыма былое ісьці, бо «белы пан» у такім простым выглядзе зьверне да сябе яшчэ большую ўвагу.

— Вось калі мае перавагі ня толькі не карысны, але нават шкодны! — жартаваў Гейс.

Выбралі сярэдняе: ехаць звычайна, у выглядзе маленькіх чыноўнікаў. У готэлі паведаміць, што едуць аглядаць зямлю пад плянтацыі, а ў дарозе будуць мець выгляд чыноўнікаў, якія едуць на паляваньне.

Нанялі падводу бяз возьніка (за возьніка сеў пасланец) і па паўдні рушыліся ў дарогу. Усё навакол мела звычайны выгляд. Капашыліся тубыльцы. Часам праходзіў, ці праяжджаў эўропэец, ківаўся ў паветры пайёнг якога-небудзь саноўніка. Гарачыня яшчэ не зьмяншылася, і вуліцы былі сонныя, млявыя. Ніхто, здавалася, не зьвярнуў на падарожнікаў увагі.

І ні ў якім разе нельга было-б падумаць, што за імі наглядае нават цэлы хвост зацікаўленых людзей…


 

172