— Скажы, як выглядае той другі туан, якога ты бачыў у Бантаме?
«Пачынаецца», — падумаў Нонг, і ўвесь напружыўся.
— Ды я-ж, казаў ужо, — адказаў ён голасна. — Досыць высокі, гадоў пад 35, ці болей, з чорнымі валасамі і барадой.
Здаецца, Като не заўважыў, што Нонг цяпер накінуў гадкоў з пяць.
— Чорны? — зноў запытаўся Като.
— Але. Што-ж тут дзіўнага?
— А якія з ім былі людзі?
— Зноў-жа я казаў: некалькі праваднікоў, слуг.
— А што ён там рабіў?
— Ня ведаю. Я бачыў яго мімаходзь. Здаецца, паляваў; апрача гэтага, я адным вухам чуў, што ён шукае нейкія плянтацыі.
— А ты-б пазнаў яго, калі-б убачыў зноў?
На гэты раз Нонг задумаўся, як лепей адказаць.
— Ня ведаю. Я яго зусім мала бачыў, — нерашуча прамовіў ён.
— Ну, дык я табе адкрыю сакрэт, чаму я так цікаўлюся гэтым панам. Ты кажаш, што ён хоча знайсьці зямлю ў арэнду. Сам ведаеш, справа гэта нялёгкая. Ну, а я якраз ведаю адпаведны вучастак. Калі мы знойдзем гэтага пана і прапануем зямлю, дык можна будзе добра зарабіць ад яго і ад таго, хто здае, бо пан гэты, відаць, багаты і грошай не пашкадуе. Заработак падзелім папалам — вось і ўся справа. Разумееш цяпер?
Нонг зразумеў: Като хоча выкарыстаць яго, каб знайсьці «тых». І надумаў плян нядрэнны. Ну, што-ж? Лепш будзе, калі Нонг будзе ўвесь час поруч з гэтым шпіёнам, чымся той будзе рабіць сваю агідную справу самастойна. Пры такіх умовах можна будзе знайсьці выпадак і назаўсёды пазбавіцца яго.
— Гэта было-б вельмі добра! — нібы радасна адказаў Нонг.
— І гэта ў значнай меры залежыць ад цябе. Мы-б паехалі разам. Калі-б ты мог пазнаць яго, асабліва, калі-б ты хоць прыблізна мог ведаць, дзе яго шукаць, тады мы хутка зрабілі-б сваю справу.
Нонг неяк чуў тады, нават не зьвяртаючы на гэта ўвагі, што тыя два зьбіраюцца ехаць у Суракарту. Але сказаць гэта шпіёну ён не адважваўся. А што, калі ён, пачуўшы гэта, накіруецца адзін? Тады Чонг будзе злачынцам, здраднікам.
— Гэтага ня ведаю, — адказаў ён, падумаўшы.
— А ты больш падумай, можа што-небудзь чуў? Хоць прыблізна. Табе-ж лепш будзе.
Крыкі і сварка сярод матросаў вызвалілі Нонга ад адказу. Усе паўскаквалі; у куту заблішчалі нажы, рэвольвэры. Але зараз-жа зьявілася паліцыя і спыніла сварку.
Сьледам за гэтым Като зацікавіўся другім зьявішчам. На ўзьбярэжнай, супроць тавэрны, з карабля выгружалі труну. Група
176