Старонка:Амок (1929).pdf/188

Гэта старонка не была вычытаная

І заўсёды знаходзіліся людзі, якія бачылі і ўпэўнівалі, што гэта якраз Нонгаў сапі.

Праз дзесяць хвілін Нонг быў вымушан спыніцца. Каб ня траціць дарма часу, ён папрасіўся ў аднаго дзеда пад’ехаць. Дзед павольна цягнуўся на двух колах, запрэжаных параю буйвалаў.

У гэты момант Нонг пачуў ззаду тупат капытоў, і праз хвіліну міма пранёсься Като, вярхом на кані. Нонг толькі сьцяў зубы ў бясьсільнай злосьці.

Але вось наперадзе вялікі ўзгорак. Павозка падарожнікаў паехала ціха. Като апынуўся ўжо зусім блізка ля яе, але спыніўся і пачаў чакаць, пакуль яна ад’едзе далей.

Нонг уздыхнуў вальней: значыцца, Като толькі сочыць за ёй, а ў такім разе Нонг пасьпее і пазьней падысьці да яе.

Вось павозка пераехала праз узгорак і паехала хутчэй. За ёй схаваўся з вачэй і Като. Тады Нонг зьлез і, надзіва дзеду, зноў пусьціўся бегчы.

За ўзгоркам пачынаўся пералесак, які паступова пераходзіў у досыць густы лес. Бегчы стала лягчэй. З заваротаў мільгаў коньнік, за ім часам віднелася падвода. Але Като ўвесь час трымаўся на значнай адлегласьці ад яе.

Калі Нонг значна ўжо паглыбіўся ў лес, ён пачуў ззаду яшчэ больш моцны конскі тупат. Азірнуўшыся, ён ледзь не самлеў: за ім ехала чалавек дваццаць жандараў. Але яны зусім не сьпяшаліся; ехалі ўвесь час шагам, так што Нонг заўсёды быў наперадзе.

Такім чынам прайшлі яшчэ кілёмэтраў з пяць. Раптам Нонг пачуў, што нехта едзе насустрач. Ледзь пасьпеў ён схавацца ў кустох, як міма яго праехаў Като. Ён пад’ехаў да жандараў і пачаў нешта казаць. Тыя спыніліся, зьлезьлі з коняй і адвялі іх глыбей у лес. Зьлез з каня і Като і пакінуў яго там-жа.

Праз хвіліну жандары зьніклі, усё заціхла, а назад ужо пашоў пешшу адзін Като.

Нонг зразумеў, у чым справа: Като павінен быў спачатку высачыць, а потым ужо паклікаць жандараў.

Нонг адчуў сябе спакайней, нават задаволена ўсьміхнуўся.

«У такім разе пасьпеем», — падумаў ён і пашоў усьлед за Като.

Надыходзіў вечар. Наперадзе чуліся галасы: відаць, блізка было жыльлё. Паказалася палянка, а на ёй некалькі хатак. Ля аднэй з іх стаяла павозка падарожнікаў. Саміх іх ня было відаць, а круціўся там Като.

Потым ён накіраваўся ў лес. За ім пашоў і Нонг.

У гушчары было ўжо досыць цёмна. Трэск і шолах наперадзе паказвалі Нонгу дарогу, па якой ідзе Като. Як тыгр, краўся ззаду Нонг, трымаючы ў руцэ свой крыс.

Вось лес крыху парадзеў, і сярод зарасьніку вызначыліся вялізныя руіны старажытнай царквы. Навакол было ціха і бязьлюдна, толькі некалькі цёмных фігур мільганула ля сьцен.

 

182