Старонка:Амок (1929).pdf/191

Гэта старонка не была вычытаная

старанна і нязграбна варушылі сваімі шырокімі плаўнікамі, з якіх высоўваліся доўгія косьці-іглы. Вытарашчаныя вочы надавалі ім нейкі сьмешны і спалоханы выгляд. Ім сапраўды было чаго палохацца: рыбакі нават пасьпелі заўважыць, як ззаду соўвалася вялізная зубатая галава нейкай драпежнай рыбіны. Некалькі рыб ня здолелі пераляцець: і ўпалі ў лодку.

— Вось і ня трэба будзе турбавацца — самі наляцяць у лодку, — засьмяяліся рыбакі. — Вунь іх яшчэ колькі!

На значнай прасторы вакол лодкі заблішчалі ў паветры рыбы. Некаторыя апускаліся, дакраналіся да вады і зноў падскаквалі, нібы камень, пушчаны па паверхні вады. Некаторыя праляталі значную адлегласьць, мэтраў пяцьдзесят, на вышыні двух-трох мэтраў[1]. Відаць, лодка натрапіла на цэлае стада такіх рыб у час нападу драпежнікаў.

Раптам зьявіліся птушкі і пачалі лавіць рыбу ў паветры. Ціхае мора ажывілася, падняўся шум, гам.

— Шкада, што на нашу долю больш не перападае, — скардзіліся рыбакі. — А нам трэба было паказаць, што недарма мы тут знаходзімся.

Праз некалькі хвілін гармідар спыніўся. Зноў стала ціха. Вецер часамі пачаў дзьмухаць нават насустрач, з захаду. Тубыльцы ўзяліся за вёслы.

— Зірні, ці не яны? — сказаў адзін.

На высокім беразе зьявіліся два чалавекі і рабілі ім розныя знакі.

— Яны!

І лодка на вёслах накіравалася да берагу, Але пад’ехаць да самай зямлі не магла.

— Ня трэба! — крыкнулі з берагу. — Мы самі падплывем.

І праз хвіліну ў лодку ўлезьлі мокрыя Гейс і Салул.

— Ці ёсьць зброя? — адразу запытаўся Салул. — Мы нічога ня маем.

— Ёсьць, ёсьць, — супакоілі рыбакі і паказалі пад снасьцямі пяць вінтовак і два рэвольверы.

— Ну, едзем далей ад берагу.

— Ці гоніцца хто за вамі? — запытаўся адзін з рыбакоў.

— За апошнія два дні нам нібы ўдалося замесьці сьлед. Але спадзявацца на гэта ня прыходзіцца. Можа і цяпер хто-небудзь бачыць нашу лодку, а Тжыладжап недалёка. Могуць пацікавіцца, што гэта за лодка.

Чатыры чалавекі маглі ўжо плысьці шпарчэй. Паехалі наўкос: на захад і разам з тым далей ад берагу. Дружна наляглі на вёслы.

  1. З сарака парод лятучых рыб ёсьць такія, што ў некаторых выпадках могуць праляцець 150-200 мэтраў на вышыні 6 мэтраў.
 

185