Старонка:Амок (1929).pdf/193

Гэта старонка не была вычытаная

Зноў пачалася страляніна. Праз некаторы час бакі лодкі засьвіціліся, нібы рэшата, але людзі атрымалі толькі некалькі драпінак. Былі дзіркі і на катэры, але значна менш, бо сам ён быў меншым, ды супроць яго было толькі чатыры вінтоўкі, а там адзінаццаць. Праўда, хутка яшчэ адна вінтоўка вышла з строю; але ўсё-ж такі іх заставалася дзесяць супроць пяці.

Спадзяючыся на сваю колькасьць і на тое, што рыбацкая лодка была большай для прыцэлу, — катэр адсунуўся яшчэ далей.

Апрача таго, на катэры, відаць, сьцямілі, што вораг абараняе сябе жмутамі паруса і снасьцей, і абышлі з другога боку. Таварышом пад абстрэлам прышлося перацягваць на другі бок сваю заслону.

Хай непасрэднай бяды і ня было яшчэ відаць, але становішча нашых герояў было няпрыемнае. Катэр манэўраваў, як хацеў: то аддаляўся, то набліжаўся, заходзіў то з аднаго, то з другога боку, а нязграбная лодка ня мела аніякай ініцыятывы і магла толькі абараняцца ў залежнасьці ад чыннасьці ворага.

— Гэтак можа цягнуцца бяз конца! — злаваў Гейс. — Гэтак яны могуць узяць нас зморам. Будзе лепш цэліцца ніжэй ватэрлініі: у нашым становішчы будзе больш карыснаю дзірка ў сподзе катэра, чымся нават у галаве ворага.

І з гэтага часу ўся ўвага таварышоў накіравалася на тое, каб прабіць дзірку пад вадой. Праз некаторы час заўважыліся і вынікі. На катэры пачалася мітусяніна. Потым стала відаць, як адтуль пачалі выліваць ваду.

Дзякуючы таму, што катэр меў падлогу, нельга было заўважыць дзірку пад ёй адразу. Заўважылі толькі тады, калі вада пачала выбівацца напаверх. А тады і знайсьці яе цяжка, каб заткнуць.

Каб паправіць аварыю, катэр ад’ехаў на кілёмэтры два і спакойна пачаў сябе ўпарадкаваць. А яго вораг прымушаны быў стаяць на месцы і чакаць, пакуль той упарадкуецца. У бясьсільнай злосьці Салул нават заскрыгітаў зубамі.

— Няўжо-ж нам так і прыдзецца стаяць і чакаць, як дурням, пакуль яны паправяцца і зноў нападуць на нас?

— А мы тымчасам пазатыкаем свае дзіркі, — сказаў Гейс, — а там паглядзім, што рабіць. На кожны выпадак пасунемся бліжэй да берагу. Усёроўна хавацца цяпер ўжо няма чаго.

Адны пачалі затыкаць дзіркі, а другія ўзяліся за вёслы. Так прайшло з поўгадзіны. А потым зноў затарахцеў мотор, і страляніна пачалася зноў…

Заняты сваёй сур’ёзнай справай, абодва бакі зусім забыліся аб трэцяй сіле, якая пільнавала час, каб умяшацца ў барацьбу.

Заўважылі гэта толькі тады, калі загрымеў гром, і пачалася навальніца. Зьявішча было нагэтулькі цікавым і жудасным, што

людзі мімаволі прыпынілі страляніну.

 

187