Старонка:Амок (1929).pdf/197

Гэта старонка не была вычытаная

— Дык, значыцца, гэта праўда! — неспадзявана сказаў другі рыбак.

— Што праўда?

— Ды бацька мне казаў, што ёсьць такія рыбы, барабаншчыкі, якія робяць гэтыя гукі. Але я сам да гэтага часу іх ня чуў.

— Як-жа ж яны гэта робяць?

— А ліха іх ведае.

Тады ўжо і Салул успомніў, што дзесьці-калісьці таксама чуў аб гэтым, але палічыў за байкі[1].

— Ах, каб іх! — засьмяяўся Гейс. Ну, едзем шукаць ветру.

На шчасьце, шукаць доўга ня прышлося. Ужо праз некалькі крокаў яны выехалі з зацішша, і лодка паехала далей. Падарожжа было такім спакойным, што, разьмеркаваўшы час варты, тры чалавекі маглі спаць. Дзеля таго, што яны былі голыя, прышлося шчыльна прыціскацца адзін да аднаго, каб сагрэцца.

А гадзіне чацьвертай, калі на варце быў адзін з рыбакоў, лодка падышла да «Скал ластаўкіных гнёздаў». Было вядома, што інсургентаў трэба шукаць далей, таму таварыш праехаў міма. На беразе было таксама ціха і бязьлюдна, як і ў іншых мясцох, і нішто ня сьведчыла аб мінулых падзеях.

Прайшла яшчэ гадзіна. Вецер пачаў слабець, падняўся лёгкі туман. Трэба было будзіць Салула і Гейса, якія павінны былі ў апошні момант узяць кіраўніцтва ў свае рукі.

— Ці праехалі «Скалы ластаўкіных гнёздаў»? — запыталіся яны, прачнуўшыся.

— Мінулі.

— Чаму не разбудзіў нас?

— Вы-ж казалі, што нам трэба ехаць далей.

— Яно так, але можа там былі таварышы?

— Як я ні прыглядаўся, нічога нельга было заўважыць. Каб быў хто, дык сам здагадаўся-б і гукнуў нас.

— Ну, дык будзем сачыць цяпер. Самае галоўнае — знайсьці месца, дзе можна было-б прыстаць.

Праехалі яшчэ з гадзіну, але зручнага месца ня было відаць. Усё тыя-ж стромкія скалы і рыфы перад імі. Ззаду ўжо засьвятлелася неба, але-ж затое навакол пачаў павялічвацца туман і разам з тым зусім спыніўся вецер. Хутка зрабілася такая цемра, што на некалькі крокаў нічога нельга было разгледзець.

— Гэта ўжо зусім нядобра, — незадаволена прамармытаў Гейс.

— Дарма. Зараз падзьме прадранішні вецер і разгоніць туман, — суцешыў Салул.

  1. Гэтых барабаншчыкаў чулі дасьледчыкі-прыродазнаўцы Прэгер і Пэхуэль Лешэ (кожны паасобку), але „музыка“ іх яшчэ ня вывучана і тлумачэньні вучоных разыходзяцца. Рыбы гэтыя дасягаюць паўтара мэтра даўжыні, сьпіна іх чорная, бакі чырвона-шэрыя, а плаўнікі чырвоныя. Ніякіх спэцыяльных „музычных прыладаў“ не заўважана. Можна думаць, што яны гудуць на манер нашых конікаў.
 

191