Старонка:Амок (1929).pdf/198

Гэта старонка не была вычытаная

— Але-ж вельмі холадна. Зьнімем наш парус і апранемся. Усёроўна нам ехаць далей ня трэба, а толькі шукаць, дзе-б прыстаць.

Гэта прапанова ўсім спадабалася, і яны дружна ўзяліся «дзяліць» парус. У гэты момант з левага боку, ад мора, пачулася ціхае, мернае плюханьне вады. Таварышы прытаіліся, замерлі.

Плюханьне набліжалася. Сумненьня не магло быць: гэта была лодка. Але якая? Чыя? Свая ці варожая? і што рабіць з голымі рукамі, калі варожая?

Гэтыя думкі мігам пранесьліся ў галовах таварышоў. Хоць яны ўжо прызвычаіліся да ўсялякіх нечаканасьцяй, але сэрца сьціснулася ад жаху… Бяззбройныя, нярухомыя, бездапаможныя — яны павінны былі загінуць у той момант, калі ўжо прыехалі на месца.

А можа гэта свае таварышы, ці якія-небудзь тубыльцы?.. Але знаку не падасі; трэба чакаць.

І вось падзьмуў першы лёгкі ранішні ветрык. Заклубіўся туман, рассунуліся ў ім шчыліны, зноў ссунуліся. Але гэтага кароткага мігу досыць было, каб заўважыць тры рэчы: варожую лодку, на некаторай адлегласьці ад яе голяндзкі ваенны карабель і з другога боку, на беразе, нейкую чорную дзіру.

— За мной! — крыкнуў Салул і кінуўся ў ваду.

— Стой! — пачулі яны ўсьлед, і разам з тым раздаліся стрэлы. Але туман зноў ссунуўся, стрэлы спыніліся і зноў стала ціха.

Салул накіраваўся праз заўважаны ім праход між двума рыфамі, за ім гужам рухаліся яго таварышы. Праз дзьве хвіліны яны ўбачылі ў скале пячору, у якую паплылі непасрэдна па вадзе.

Праз 20-30 мэтраў яны намацалі дно. Лепш сказаць, гэта было ня дно, а рознай вышыні слупы, якія то высоўваліся з-пад вады, то заставаліся ўнізе, нібы палі пад мастом. Такія самыя слупы былі і па бакох пячоры. Спачатку нічога нельга было разгледзець, але потым вочы прызвычаіліся і выявілася, што ўся пячора пабудована з такіх слупоў, нават зьверху яны зьвешваліся. Яны былі роўныя, большай часткай шасьцікантовыя, канцы іх былі таксама роўна зламаныя і, здавалася, уся пабудова зроблена рукамі чалавека. Сапраўды-ж гэта былі прыродныя, так званыя базальтавыя слупы з астыўшай лявы, размытыя вадой[1].

Слупы былі мокрыя, сьлізкія, і трымацца на іх было вельмі цяжка. Уцекачы як-ні-як узьлезьлі на іх і сталі чакаць.

Цяпер толькі заўважылі яны, што ў пячоры чуліся гармонічныя прыгожыя гукі. Здавалася, тысячы малюсенькіх срэбных званочкаў зьвінелі ва ўсіх куткох. Гучэла ўсё: і паветра, і сьцены, і вада, і столь. Але паасобнага гуку нельга было распазнаць: усе яны

  1. Такая-ж, найбольш, вядомая ўсяму сьвету Фінглава пячора знаходзіцца на востраве Стафа, ля Англіі, ды на Ісляндыі ёсьць „Чорная пячора“, паўтара кілёмэтра даўжыні.
 

192