Старонка:Амок (1929).pdf/199

Гэта старонка не была вычытаная

зьліваліся ў дзіўную мэлёдыю. Мімаволі хацелася сядзець нярухома і слухаць гэтую таемную, чароўную музыку.

— Зноў музыка? — ускрыкнуў Гейс. — Няўжо-ж зноў рыбы даюць нам концэрт?

— Не, — засьмяяўся Салул, ня гледзячы на сур’ёзнасьць становішча, — гэта кроплі капаюць зьверху і разносяцца рэхам.

Але ім было не да музыкі. Трэба было чакаць сур’ёзных падзей. Знадворку з кожнай хвілінай рабілася ўсё сьвятлей і сьвятлей. Відаць, узышло сонца. Наперадзе віднелася палова ўваходу ў пячору, праз які можна было бачыць толькі бліжэйшы кавалак вады. Адбітае ад вады блакітна-шэрае сьвятло стварала ў пячоры таемны змрок.

— А што мы будзем рабіць, калі яны сунуцца сюды? — прамовіў адзін з рыбакоў. — Ці знойдзецца выйсьце адсюль?

Пры гэтым усе азірнуліся назад, дзе чарнеўся далейшы ход пячоры.

— Тут мы яшчэ пазмагаемся! — сурова сказаў Салул.

— Пры такіх умовах лезьці сюды і непасрэдна нападаць ім няма сэнсу, — дадаў Гейс. — Вось толькі яны могуць заперці нас тут і пільнаваць.

— Ва ўсякім разе, мы будзем мець час, а там паглядзім.

Знадворку было ціха, нібы нікога ня было і нічога ня здарылася. Праз поўгадзіны ўцекачы заўважылі, што вада дасягнула таго месца, дзе яны сядзелі.

— Прыліў пачынаецца, — заўважылі яны і падняліся крыху вышэй. Але праз некаторы час і туды вада дасягнула.

— Дакуль-жа ж ён будзе ўздымацца? — ужо з трывогай загаманілі яны. — І невядома, у якім цяпер стане прыліў: пачынаецца ці канчаецца, або ў сярэдзіне?

Узьлезьлі яшчэ вышэй. Далей-болей. Вось ужо вада запоўніла ўвесь уваход. Таварышы забраліся ў самы далёкі кут пячоры. Тут ужо ня было слупоў, але заместа гэтага высоўваліся вострыя рогі застыўшай лявы.

Вада ля ўваходу клекатала. Праз некаторы час людзі адчулі, што ім стала неяк няёмка: цяжэй стала дыхаць, загуло ў вушах.

— Ціск паветра ўзмацняецца, — сказаў Гейс. — Прыдзецца вытрымаць яшчэ адну няпрыемнасьць.

Раптам пачуўся страшэнны грукат, нібы выбух. Зямля затрэслася, вада забушавала, кінулася на іх і ледзь ня зьнесла. На хвіліну ляйчэй стала дыхаць.

— З гарматы страляюць, хочуць разбурыць пячору, — прамовіў Салул.

— Не разумею я іх, — задуменна сказаў Гейс. — Няўжо-ж яны з-за некалькіх чалавек думаюць зруйнаваць скалы. Дзеля гэтага

 

193