Старонка:Амок (1929).pdf/205

Гэта старонка не была вычытаная

— Якая прыкрасьць! Як гэта не разумець, што лепш загінуць у бойцы з ворагам, чымся з сваім братам? — прамовіў адзін з тых двух тубыльцаў, што нядаўна далучыліся.

— А чаму-ж ты ня ішоў, пакуль цябе ня скрыўдзілі і ня выгналі? — усьміхнуўся Сурат.

— Дурны быў, несьвядомы.

— Вось і яны такія самыя. Супроць такіх нам лепш было-б выступаць са словам, чымся са зброяй. Я вельмі шкадую, што мы ня спробвалі гэтага зрабіць.

Небаракаў спусьцілі ў мора.

У гэты дзень прышлося працаваць толькі дзьве гадзіны. Затое ўвесь наступны дзень праца ішла толькі з адным невялікім перапынкам.

А на трэці дзень разьведчыкі заўважылі ворага, які набліжаўся ўжо з поўначы, з сярэдзіны востраву. Спачатку было заўважана чалавек дзесяць. Калі іх абстралялі і затрымалі, то праз некалькі часу да іх далучылася ўжо чалавек сорак, нават з кулямётам. Гэта была ўжо спэцыяльная ваенная экспэдыцыя.

Але нашы таварышы зусім не спалохаліся яе. Усе перавагі былі на баку інсургентаў: і колькасьць, і зброя, і мясцовасьць.

Праз некалькі гадзін на кілёмэтры тры ад лягеру інсургентаў стварыўся фронт. Восемдзесят чалавек, схаваныя па-за скаламі, у цясьнінах з кулямётамі, лёгка затрымалі далёйшы наступ варожага атраду. Толькі дваццаць чалавек былі пакінуты на беразе ля зброі.

Два дні ішла перастрэлка. Інсургенты былі ўпэўнены, што такім чынам яны могуць трымацца доўга, хоць-бы нават вораг павялічыўся ў некалькі разоў.

Але чакаць, пакуль ворагу прыдзе падмацаваньне, было небясьпечна. Трэба было цяпер, карыстаючыся сучаснай перавагай, прагнаць яго. Нарада актыўных таварышоў, пад кіраўніцтвам Сурата, пастанавіла самім перайсьці ў наступ. Дзеля гэтага вылучылі сорак чалавек і накіравалі іх на ўсход, каб ахапіць ворага з левага крыла. У гэтай справе надзвычайную карысьць маглі даць тыя два новыя таварышы-тубыльцы, якія жылі ў гэтай мясцовасьці.

Яны абяцалі праз ноч правесьці атрад ня толькі ў бок, але нават у тыл ворага.

Дзеля рашучага наступу Сурат узяў з берагу яшчэ пятнаццаць чалавек, лічачы, што з мора ня можа быць пагрозы.

Гэтую ноч ніхто ня спаў. Усе рыхтаваліся да рашучых падзей, перамяшчаліся бліжэй да ворага.

Раніца была імглістая, ціхая. Ніякіх стрэлаў нідзе ня было. Нават вораг маўчаў. Аднаго разу нібы пачулася некалькі стрэлаў

ззаду, але болей яны не паўтараліся. З нецярплівасьцю прыслухоўваліся, ці ня чуць стрэлаў з правага боку, куды таварышы пашлі ў абход.

 

199